Развітанне з бязвізам



Можна канчаткова развітацца з бязвізам у краіны Еўразвяза, які ў нас так і не з’явіўся. Беларускія ўлады ва ўсю рыхтуюцца да падпісання пагаднення аб узаемным прызнанні віз з Расеяй. На практыцы гэта азначае, што любыя дзеянні ў плане візавай палітыкі цяпер давядзецца рабіць з азіраннем на Крэмль. То бок захацелі, як улетку, увесці пяцідзённы бязвізавы рэжым для грамадзян 80 краін – спытайце спачатку ў Крамля. Бо ў нас хутка можа быць падпісанае ўзаемнае прызнанне віз. Зразумела, што ўлады Расеі ў нас не будуць пытацца, з кім мець бязвізавы рэжым, а з кім не. А не будуць пытацца, паколькі не ў іхных правілах у кагосьці штосьці пытацца.

Не відаць беларусам бязвіза ў Еўропу, як сваіх вушэй. Каб атрымаць гэтае шчасце, трэба выканаць цэлы план дзеянняў па лібералізацыі бязвізавага рэжыму. Украіна, да прыкладу, выканала ажно 144 крытэры, каб украінцы маглі вандраваць па Еўропе. А чым бліжэй мы да Расеі, тым далей мы ад Еўропы. І падпісанне пагаднення аб узаемным прызнанні візаў з Расеяй усё болей аддаляе нас ад Еўропы. Затое на тэрыторыю РФ без візаў могуць уязджаць жыхары Паўднёвай Асетыі, неграмадзяне Латвіі і Эстоніі, Гандураса ды Уругвая. То бок пасля падпісання пагаднення аб узаемным прызнанні віз гэтыя ўсе таварышы змогуць прыязджаць без візаў і да нас. Хоць камусьці будзе добра. Хай і не беларусам, якім, каб паесці піццу ў Італіі ці з’ездзіць на шопінг у Беласток, давядзецца плаціць 60 еўра за візу. То хаця б неграмадзянам Латвіі і Эстоніі, якія з-за сваёй асаблівай любові да савецкага мінулага так і не атрымалі пашпарты грамадзянаў Латвіі і Эстоніі. Вось яны і змогуць прыехаць да нас. Акурат у Беларусі шмат чаго ёсць саўковага: пачынаючы ад піянераў і заканчваючы помнікамі Леніну ды Дзяржынскаму.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ