„Рэспектабельная” Ярмошына
„Но нет спасенья от царя, который был рабом”, — спявалі ў свой час барды Нікіціны. Гэтыя словы можна аднесці да многіх прадстаўнікоў беларускай улады. Сярод іх – і нашая каралева выбараў.
Лідзія Міхайлаўна то адправіць усіх жанчын боршч варыць, а не змагацца за свае правы. А тое назаве апазіцыю маргіналамі. Сёлетнія выбары не сталіся выключэннем: прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці зноўку назвалі маргіналамі. Лідзія Міхайлаўна пракаментавала незадаволенасць апазіцыі сваім колькасным прадстаўніцтвам у камісіях наступным чынам. „Людзі, уключаныя ў склад выбарчых камісій, — гэта грамадзяне, якія даўно працуюць на выбарах, вядомыя, станоўча характарызуюцца. У той жа час, — адзначыла Ярмошына, — „калі чалавек нідзе не працуе, паводзіць сябе адкрыта маргінальна, то, зразумела, ён не можа лічыцца стаўпом грамадства і чалавекам досыць рэспектабельным, каб уваходзіць у склад выбарчай камісіі”. У нармальнай краіне за такую абразу апазіцыі давялося б адказваць. Ну, ісці ў адстаўку. І мінімум выносіць публічныя прабачэнні. А максімум яшчэ і праз суд выплочваць штраф за знявагу. Але толькі не ў Беларусь. У нашай краіне рэспектабельныя – гэта тыя, хто за. А тыя, хто супраць, — гэта маргіналы.
Дарэчы, каб кіравацца логікай Лідзіі Ярмошынай, то нобелеўскага лаўрэата Іосіфа Бродскага, да прыкладу, таксама б не ўзялі ў выбарчыя камісіі. Сусветна вядомы паэт нідзе не працаваў у тагачасным Савецкім Саюзе. Яго нават праз суд выселілі з горада Ленінграда за дармаедства. Дармаедам за савецкімі часамі лічыўся і дагэтуль папулярны спявак Віктар Цой. Яго таксама б не ўзялі ў выбарчыя камісіі. Але ў гэтым плане лепей быць маргіналамі, як Бродскі і Цой, чым рэспектабельным чалавекам, як Лідзія Міхайлаўна.