Штраф за свабоду меркавання



З’явіўся закон, які прадугледжвае пакаранне за непавагу ў інтэрнэце да органаў улады. Вось толькі ў законе забыліся патлумачыць, што менавіта з’яўляецца непавагай да ўлады. Цяпер пад гэты закон можна падвесці любую ўзгадку пра карупцыю. Напісаў, што чыноўнік Н – карупцыянер, усё – выказаў непавагу да органаў улады. А таму атрымлівай штраф. Дзякуй богу, такі закон з’явіўся не ў нас, а ў суседняй краіне. І краіна гэтая, як вы зразумелі, называецца Расея.

У пяцігоддзе акупацыі Крыма Расеяй Уладзімір Пуцін падпісаў законапраект, які прадугледжвае …так хацелася б сказаць, вяртанне Крыма Украіне, аднак не, не гэта. Законапраект прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць і абмежаванне дасягу да інфармацыі, цытую, якая выражае непавагу да дзяржавы, Канстытуцыі Расейскай Федэрацыі ці органаў, якія ажыццяўляюць дзяржаўную ўладу ў Расейскай Федэрацыі. Вось цікава, калі пішаш пра акупацыю Крыма – гэта з’яўляецца непавагай? А калі апазіцыйныя дзеячы Расеі кажуць у інтэрнэце пра карупцыю сярод чыноўнікаў – гэта з’яўляецца непавагай да органаў, якія ажыццяўляюць дзяржаўную ўладу? А самае галоўнае, хто будзе вызначаць, выказалі непавагу ці не? У тлумачальных слоўніках значэнне слова “непавага” падаецца як непачцівасць і адсутнасць павагі. Аднак наўрад ці варта чакаць паважнага стаўлення да карупцыянераў. А гэта азначае, што цяпер любая крытыка ў бок органаў, якія ажыццяўляюць дзяржаўную ўладу ў Расейскай Федэрацыі, можа стаць незаконнай. Больш за тое, Раскамнагляд абавязаны заблакаваць старонку з незаконным паведамленнем. Цікава, я ўжо нагаварыла на тое, каб маё паведамленне заблакавалі?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ