Страшэнны сон Масквы
Калі б кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін меў паўнамоцтвы бога, то ён бы абавязкова зрабіў так, каб польскі народ абраў прэзідэнтам Януша Корвіна-Мікке. А яшчэ лепей, каб яны абралі самога Уладзіміра Уладзіміравіча. Але прэзідэнт Расеі, пры ўсім ягоным жаданні і на шчасце нам усім, — не бог. Таму ў другім туры перамог кандыдат ад партыі „Закон і справядлівасць” Анджэй Дуда.
Анджэй Дуда — страшэнны сон Масквы. Менавіта ён вядомы сваімі рэзкімі выказваннямі ў бок Крамля і прапановай адправіць ва Украіну войскі на дапамогу. У некаторых расейскіх выданнях ужо паспяшаліся назваць абранне Дуды выбарам не для Расеі. А загадчык аддзелам стратэгічных ацэнак Цэнтра сітуацыйнага аналізу Расейскай акадэміі навук Сяргей Уткін прагназуе пагаршэнне і так ужо кепскіх стасункаў паміж РФ і Польшчай. Хаця не трэба быць аналітыкам, каб зразумець, што стасункі паміж Расеяй і Польшчай будуць пагаршацца. Анджэй Дуда мае досыць радыкальную рыторыку што да пытання Украіны. А афіцыйная Масква, мякка кажучы, вельмі рэўнасна ставіцца да ўсіх, хто падтрымлівае Кіеў. Уладзімір Уладзіміравіч жыве па прынцыпе: хто не з намі, той супраць нас.
Што да расейска-украінскага канфлікту, Анджэй Дуда мае досыць выразную пазіцыю. Ён не падтрымлівае фармат перамоваў з Расеяй і настойвае на агульнаеўрапейскім ціску на Маскву. Менавіта Анджэй Дуда заяўляў, што „нельга згаджацца з тым, каб Расея праглынула Украіну па кавалках”. Так што, для расейскай дыпламатыі, відаць, наступаюць цяжкія часіны.
Дарэчы, у 2016 годзе ў ЗША таксама пройдуць прэзідэнцкія выбары. Калі там да ўлады прыйдзе кандыдат-рэспубліканец, то ў афіцыйнай Масквы з’явіцца яшчэ адзін страшэнны сон. І тут ужо пазіцыя сусветных лідараў што да ўкраінска-расейскага канфлікту будзе вельмі жорсткай. Зразумела, не на карысць Расеі.