Страшылкі для дарослых



Лаўры дзіцячага пісьменніка Эдуарда Успенскага, відаць, не даюць спакойна спаць расейскаму тэлеканалу НТВ. Штодня яны прыдумваюць усё новыя і новыя страшылкі. Такія своеасаблівыя аповеды пра зялёныя пальцы, якія казытаюць да смерці, ці чырвоную руку, якая вылазіць з чырвонай пляміны і душыць каго-небудзь. Толькі аповеды гэтыя для дарослых. І з украінскім ухілам. Гэтым разам НТВ распавёў жахлівік пра чарнобыльскі пажар. І не проста распавёў, а загістэрыў.

„Гэтыя сякія-такія ўкраінцы не пускаюць пажары тушыць каля ЧАЭС”, – такой была рэакцыя некаторых беларусаў, якія вельмі доўга глядзелі расейскае тэлебачанне. Сэнс страшылкі НТВ быў прыкладна такі. Каля ЧАЭС – пажар, у выніку чаго можа быць другое радыяктыўнае забруджанне. Караул, Украіна не спраўляецца з тушэннем пажару! Расейцы – такія альтруісты – прапанавалі сваю дапамогу, а ўкраінцы адмовіліся. І ўвогуле, чаго гэта Украіна будуе сцяну на мяжы з Расеяй, калі трэба рабіць саркафаг на ЧАЭС. Карацей, пасля такога ўкідвання дозы страшылак некаторыя беларусы пазачынялі ўсе вокны і дзверы, запасліся літрам ёду і вырашылі сядзець дома, пакуль НТВ не паведаміць, што ўсё ў парадку.

Інфармацыю беларускага Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, а таксама паведамленні незалежных СМІ пра тое, што пажар лакалізаваны, што ўсё ў парадку, што радыяцыйны фон не падвысіўся, беларускія фанаты тэлевізара не ўспрымаюць. Хаця яны б паверылі ў існаванне зялёных пальцаў з чырвонай рукой, калі б пра іх распавёў тэлеканал НТВ. „Беларусы, труна на колах выехала з могілкаў і шукае вашую вуліцу…”

Беларускае Радыё РАЦЫЯ