Свята пад знакам забаронаў



Еўрапейскія гульні яшчэ не пачаліся, а забароны з’яўляюцца адна за адной. Па-першае, могуць абмежаваць дасяг да некаторых сайтаў. Па-другое, ахова ў гатэлях можа рабіць асабісты дагляд удзельнікаў Еўрапейскіх гульняў. То бок не міліцыя, а менавіта нейкія дзядзькі без паўнамоцтваў і адпаведнай адукацыі атрымліваюць уладу, каб даглядаць людзей. А вось цяпер сталася вядома, што на стадыёны падчас гульняў забароняць прыносіць палкі для сэлфі. Сапраўды, палкі для сэлфі – гэта вельмі небяспечны прадмет. Акрамя таго, што імі можна фатаграфаваць сябе, дык такую палку можна выкарыстоўваць як зброю. Проста не ўдзельнікі Еўрапейскіх гульняў, а нейкія першабытныя людзі. Трэба яшчэ тэлефоны забараніць. Ну, а што! Імі таксама можна карыстацца як зброяй: не спадабаўся хто – можна кінуць у лоб.

А яшчэ на стадыёны падчас гульняў, нельга праносіць незарэгістраваныя вымпелы і сцягі. Гэта ўлады, відаць, так наконт бел-чырвона-белага сцяга і герба пагоні паклапаціліся. Каб усё замежнікі бачылі: ніякай апазіцыі, якая ходзіць тут з пагонямі, у нас няма, і ў нас усё добра.

Затое Vip-гасцям падаруюць прэзенты ажно на 736 даляраў. Розныя міністры спорту, тэхнічныя дэлегаты атрымаюць падарункі на 245 даляраў. Ну, а валанцёры парадуюцца падарункам за 36 даляраў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ