Трэш-парад



Гэта не Рыа-дэ-Жанейра, – любіў гаварыць Астап Бэндэр. Пасля кожнага беларускага параду хочацца таксама сказаць, што гэта не Рыа-дэ-Жанейра. І справа не ў тым, што ў нас не танчаць самба паўаголеныя дзяўчыны. Пры арганізацыі з густам і полька ў даўгой спадніцы выглядала б добра. Справа ў тым, што нашыя парады з касцюмамі ад розных прадпрыемстваў можна смела перайменаваць у трэш-парады. І таямніцай застаецца, чаму ў Бразіліі, Італіі ці Германіі парады выглядаюць весела, а ў нас убога.

Вось скажыце, гэта колькі трэба выпіць, каб стварыць усе гэтыя касцюмы чалавека-фасфата, чалавека-цэглы ці чалавека-кветачкі, якія мелі месца на 3 ліпеня ў беларускіх гарадах. Такое адчуванне, што праходзіў конкурс, у каго самы страшны і безгустоўны касцюм, а не парадна афіцыйнае свята незалежнасці. А ў Жодзіна фантазія некаторых сягнула так далёка, што там падчас параду цэлая каманда хірургаў аперыравала ў кузаве грузавіка. Дзякуй богу, аперыравалі не па-сапраўднаму, хоць чалавек-хворы таксама прысутнічаў. Як сказаў адзін з інтэрнаўтаў, добра, што ў нашай краіне не вырабляюць прэзерватывы, інакш на парадах абавязкова прысутнічаў бы адпаведны персанаж.

Хаця ўсё пазнаецца ў параўнанні. Лепей ужо чалавек-фасфат з жодзінскімі хірургамі на грузавіку, чым удзел у парадзе на Дзень Незалежнасці Беларусі дэсантнікаў Пскоўскай дывізіі, якія захоплівалі Крым і Данбас.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ