Указ №222 «не роўна дзеліць»
Ох, не дзеля таго ўводзіўся Указ №222 «Аб рэгуляванні прапрымальніцкай дзейнасці», каб яго адмянялі. Аднак дробныя бізнесоўцы спадзяюцца на адваротнае. Удзельнікі антыкрызіснага форуму прадпрымальнікаў прасілі саміведаецекаго ўмяшацца ў сітуацыю з праблемамі малога бізнесу. Такое адчуванне, што гэта не ягоны ўказ №222. З такім жа поспехам вегетарыянцы могуць прасіць мясніка ўмяшацца ў сітуацыю на бойні.
Ад 1 студзеня дробныя прадпрымальнікі, якія гандлявалі таварамі лёгкай прамысловасці, не працуюць. Паводле прэзідэнцкага ўказа, яны мусяць мець суправаджальныя дакументы. Так склалася, што такіх дакументаў няма ў Расеі, дзе закупаюцца дробныя прадпрымальнікі. Таму выбар у прадпрымальнікаў невялікі: альбо працягваць працаваць і атрымаць вялізны штраф і канфіскацыю, альбо спыніць дзейнасць. Прадпрымальнікі, праўда, спадзяюцца на трэці варыянт, што саміведаецехто адменіць свой жа асабісты ўказ за нумарам 222. Рэальнасць паказвае зусім іншае. Ад пачатку новага года прайшло амаль два тыдні. А воз дагэтуль стаіць на ранейшым месцы. Праблемаў прадпрымальнікаў улады не чуюць і не хочуць чуць.
Затое як добра цяпер беларускім прадпрыемствам. Цяпер народ будзе набываць майткі ды кофты беларускіх вытворцаў: канкурэнтаў жа на рынках не засталося. Увогуле буйны бізнес у Беларусі можа пляскаць у далоні. Такіх добрых умоваў, як цяпер у Беларусі, ім даўно не было. Галоўнае, падмазаць, каму трэба, — і можна працаваць практычна без канкурэнтаў. Гэта ж атрымліваецца, што ўсе патэнцыйныя пакупнікі з рынкаў пайшлі ў крамы. Калі б яшчэ не даць магчымасці працаваць прадпрымальнікам, якія прадуктамі ды таварамі бытавой хіміі гандлююць, дык уладальнікі гіпермаркетаў былі б на сёмым небе ад шчасця.
Затое электарат, які галасаваў за саміведаецекаго на апошніх выбарах, не надта задаволены. На рынках – нікога, а пенсіі – малыя, каб набываць у крамах. Вось так выраз: «Вы ж самі ўсё разумеце», — у беларусаў паступова замяняецца на: «Ну, мы ж не ведалі, калі галасавалі».