Узаемавыгаднае сяброўства



Як той казаў, каму за штуку прымуць, а каму за тое ж скуру здымуць. Камусьці можна паўсюль тытунь прадаваць, а камусьці за курцоў-дзяцей давядзецца кругленькую суму выкласці.

Вось усё ўжо які тыдзень беларусы абураюцца, што на кожным прыпынку паставілі шапікі з назвай “Табакерка”. Кіёскі яшчэ не запрацавалі. Але сыходзячы з назвы, грамадзяне здагадаліся, што прадаваць там будуць тытунёвыя вырабы. Ну, сапраўды, не марозіва з паветранымі шарыкамі будуць прадаваць у шапіках пад назвай “Табакерка”. У Беларусі, хоць і курыць 25% дарослага насельніцтва, аднак “Табакерку” неяк не ўспрынялі людзі. Неяк вельмі шмат “Табакерак” з’явілася: ледзь не ў кожным горадзе і ледзьве не на кожным прыпынку. У тым ліку, і каля бальніц і школ. І гэта пасля таго, як іншым шапікам чамусьці забаранілі гандляваць цыгарэтамі на прыпынках. Карацей, сяброўства-сяброўствам у вышэйшых колах, але ж нахабнымі таксама не трэба быць.

І ўсё ж такі, для чаго ж столькі “Табакерак”. А тут дэкрэт з’явіўся, паводле якога могуць штрафаваць бацькоў, чыіх дзяцей да 16 гадоў злавілі за курэннем. І на немалую суму: 10 базавых велічыняў. То бок больш, чым 120 долараў. Затое як зручна атрымліваецца: набыў цыгарэты ў “Табакерцы”, якія напханыя паўсюль, пакурыў – атрымаў штраф. І бізнесу добра, і чыноўнікам. Адныя атрымліваюць прыбыткі, іншыя – папаўненне бюджэту. Мелі рацыю аўтары песні “Не имей сто рублей, а имей сто друзей”. Хаця ва ўмовах Беларусі можна абмежавацца адным сябрам. Тады і сто рублёў будзе, і сто “Табакерак”.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ