Войска – гэта не Палата прадстаўнікоў



Беларусь – краіна, дзе яшчэ з савецкіх часоў засталося размеркаванне пасля навучальных установаў і прызыў у войска, якое асацыюецца з дзедаўшчынай і кепскім харчаваннем. І размяркуюць вас, канешне, зусім не на wall street. Асабліва кепска даводзіцца тым, каго размяркоўваюць у “чарнобыльскія” раёны. З такога размеркавання ў войска не забіраюць. Аднак ніхто не гарантуе, што вас не забяруць пасля. Вось і даводзіцца маладым людзям спачатку два гады па размеркаванні адпрацаваць у “чарнобыльскім раёне”, а потым яшчэ і ў войску адслужыць.

Выпадкова падслухала размову супрацоўнікаў крамы. Адзін – малады чалавек, які працуе там, відаць, абвальшчыкам мяса і поварам, другая – гандлярка. “Мне тут ужо нядоўга, – гаворыць хлопец, – я ў войска іду”. Дзяўчына са спачуваннем: “Ой-ёй”. На што маладзён адказвае: “Ды не, я тут па размеркаванні. І ў войску я буду працаваць па прафесіі – поварам. Таму мне будзе лягчэй, чым астатнім”. Аднак у Беларусі, што размеркаванне, што служба ў войску – абое рабое. Як казаў адзін палітык, абодва горш.

А вось дэпутат Палаты прадстаўнікоў Дзмітрый Шаўцоў лічыць, што мужчына выхоўваецца нястачамі, а таму ўсе лібералізацыі ў войску трэба спыніць. А наконт нястачы, то вельмі цікава пачуць гэта ад чалавека, які яшчэ два гады таму паведамляў у інтэрвію, што ў месяц зарабляе 18 мільёнаў тагачаснымі грашамі. Я ў чужую кішэню не лезу. Калі ласка, абы на здароўе. Але як жа тады ўсе размовы пра нястачу?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ