Восень без гарачай вады



Кожную восень – паўтарэнне аднаго і таго. Улады чакаюць, каб народ канчаткова замёрз і перахварэў, пасля чаго ўключаюць ацяпленне. Знаёмыя ў фэйсбуку пішуць, што ў Чэхіі цяпло ў кватэрах ужо ўключылі. У Беларусі – не. У нас чакаюць пяці дзён, калі тэмпература сярэднесуткавая будзе 8 градусаў. Пакуль дачакаешся – пераўтварышся ў лядзяш. Ну, калі не ў лядзяш, то, прынамсі, усю цёплую вопратку, якую маеш, на сябе апранеш. Затое нібыта эканомія. Што праўда, каму эканомія, а хтосьці на лекі кастрычніцкі заробак накіруе.

І вось сядзіш ты з халоднымі рукамі, мёрзнеш. І тут прыходзіць паведамленне, што камусьці яшчэ горш. Не, я не маю на ўвазе нейкія далёкія краіны. Гаворка ідзе пра горад Салігорск. Там пасля пахаладання ў некалькіх шматпавярховіках вырашылі памяняць трубы. А раз трубы мяняюцца, то і гарачай вады няма. І вось ў такую халадзіну сядзяць людзі і без ацяплення, і без гарачай вады. То бок не пагрэешся ні каля батарэі, ні ў ваннай. Прычым без гарачай вады жыхары шматпакутных шматпавярховікаў сядзяць не адзін-два дні, а цэлыя дзесяць. У ЖКГ гавораць, што за лета, калі на два тыдні адключалі гарачую ваду, проста не паспелі памяняць трубы. А таму мяняюць цяпер. Вось і засталіся некаторыя жыхары Салігорску ў халодныя восеньскія дні без гарачай вады. Затое мясцовае ЖКГ абяцае выбачыцца. Шкада толькі, што за гэтае выбачэнне лекаў ад прастуды не набудзеш. Бо прастудзіцца ў такое надвор’е ў халоднай кватэры вельмі лёгка.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ