Пра бясплатны праезд
У Беларусі бясплатны праезд – з вобласці фантастыкі. Хутчэй Ілон Маск адправіць экспедыцыю на Марс, чым беларускія ўлады пойдуць на такі крок. Улады Сінявокай хутчэй наадварот чарговы падатак увядуць, каб атрымаць грошы ў бюджэт. Трэба ж за нешта плаціць заробкі народным абраннікам у Палаце прадстаўнікоў. А вось у такой дзяржаве Заходняй Еўропы, як Люксембург, улады варашылі знізіць загружанасць дарог – і ўвялі бясплатны праезд у грамадскім транспарце.
Уяўляеце, у Люксембургу не трэба плаціць за грамадскі транспарт! Усім. І студэнтам, і пенсіянерам, і рабочым, і хатнім гаспадыням. Гэта вам не ў Беларусі чапляцца да бедных школьнікаў з патрабаваннем паказаць даведку з месца вучобы. І не ініцыятыва Мінсктранса аб блакіроўцы кампосцераў праз 15 секунд, як адправіўся аўтобус, якую, праўда, не асмеліліся ажыццявіць. У Люксембургу, калі ласка, сядай і ездзі сабе, куды хочаш і колькі хочаш на грамадскім транспарце. Такое рашэнне было прынятае, бо дзяржава займае першае месца ў Еўропе па колькасці аўтаўладальнікаў. На бясплатны праезд у грамадскім транспарце тамтэйшыя ўлады плануюць выдаткоўваць 41 мільён еўра падаткаплацельшчыкаў штогод. Сума – немалая, асабліва, калі ўлічыць, што ў Люксембургу пражывае ўсяго 602 тысячы чалавек. Аднак беларускім уладам ёсць куды імкнуцца. Люксембург ім у прыклад. Там і грамадскі транспарт бясплатны. І прыбыткі бюджэту паболей, чым у Беларусі. Нават улічваючы той факт, што там пражывае ў 16 разоў меней насельніцтва.