Падзяка супрацоўнікам СМІ
Улады беларускай дзяржавы выказалі падзяку супрацоўнікам СМІ. І не проста падзяку. А падзяку за высокі прафесіяналізм і значны асабісты ўнёсак у рэалізацыю дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі. Калі з высокім прафесіяналізмам усё больш-менш зразумела, то што такое дзяржаўная інфармацыйная палітыка – таямніца. Аднак пакорпаўшыся на прасторах сусветнага павуціння, можна знайсці дакумент, размешчаны на сайтах, відаць, усіх выканкамаў. Называецца ён “Дзяржаўная інфармацыйная палітыка ў Рэспубліцы Беларусь: механізмы рэалізацыі”. Сыходзячы з дакумента, маюцца два прынцыпы дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі. Гэта фундаментальнае права чалавека на інфармацыю і свабода масавай інфармацыі. Хто б мог падумаць, што пасля ўсіх пераследаў незалежных журналістаў, пасля штрафаў і папярэджанняў, дзяржаўная інфармацыйная палітыка палягае на гэтых двух прынцыпах: свабода і права.
Беларуская дзяржава падзякавала супрацоўнікам сродкаў масавай інфармацыі. Вось толькі ўсе гэтыя супрацоўнікі працуюць у дзяржаўных выданнях. Ну, хаця б для разнастайнасці выдалі б падзяку супрацоўнікам незалежных СМІ. Тым болей, прынцыпы дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі – гэта ж свабода і права на інфармацыю. Першаму пункту – высокаму прафесіяналізму – супрацоўнікі незалежных выданняў адпавядаюць. Другому пункту, які гучыць як асабісты ўнёсак у рэалізацыю дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі, – таксама. Аднак сярод тых, каму падзякавалі, напрыклад, галоўны рэдактар газеты “Знамя юності”. Вось выдалі яму падзяку за тое, што настаўнікі на выданне воляй-няволяй падпісваюцца, дык пытанняў бы не было. А так нейкая нестыковачка выходзіць: калі прафесіяналізм, свабода і права, то чаго тады прымушаюць падпісвацца?