Пра страхавы стаж для прызыўнікоў



Чыноўнікі спрачаюцца, ці ўключаць службу ў войску ў страхавы стаж. Праціўнікі тлумачаць неўключэнне тым, што пенсіі не выплочваюцца, калі чалавек не пералічвае сродкі ў Фонд сацыяльнай абароны. А з прызыўнікоў акурат ніякія сродкі ў Фонд не пералічаюць. Такое адчуванне, што маладзёнаў у рабства забіраюць, а не ў войска, раз яны за сваю прымусовую працу нічога не маюць.

Служба службай, а абед па раскладзе. Тое ж датычыцца і страхавога стажу. То бок за час службы ў войску малады чалавек мог бы зарабіць грошай, перавесці сродкі ў Фонд сацыяльнай абароны ды яшчэ і быць свабодным, а не насіць не самую прыгожую беларускую форму і класціся спаць па раскладзе. Аднак радзіма-маці ў выглядзе ваенкомаў заве на абарону сваіх межаў – і маладзёнам трэба ісці ў войска. То бок яны аддаюць радзіме год-паўтара свайго жыцця. А што яны за гэта атрымліваюць? Фігу з маслам. А можа быць нават і без масла.

Міністр працы Ірына Касцевіч, якая скептычна адрэагавала на прапанову старшыні Савета рэспублікі Міхаіла Мясніковіча ўключыць службу ў войску ў страхавы стаж, лічыць, што прызыўнікі да пенсіі і так паспеюць напрацаваць неабходныя 20 год страхавога стажу. А давайце і работу ў Палаце прадстаўнікоў не будзем уключаць у страхавы стаж. Ну, а што: няўжо дэпутаты да Палаты прадстаўнікоў не паспелі напрацаваць неабходны страхавы стаж? А тое студэнтам вучоба не ўваходзіць у страхавы стаж. Мамам у часе дэкрэту таксама. Прызыўнікам таксама не спяшаюцца ўключаць страхавы стаж. Няхай ужо і дэпутаты пасядзяць у парламеце чатыры гады без страхавога стажу. Чым яны лепей за прызыўнікоў, мам і студэнтаў?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ