Пра цяпло ў дамах



Кожны год беларускія камунальнікі не гатовыя да таго, што будзе халадаць увосень. Такое адчуванне, што мы жывем у краіне, дзе круглы год – лета і гарачыня. Аднак у Беларусі ўсё-такі наступае мінусавая тэмпература, а ў верасні становіцца холадна. А камунальнікі ўсё чакаюць і чакаюць, калі падключаць батарэі. Такое адчуванне, што яны не ведаюць, што ў 21 стагоддзі існуе такая рэч, як прагноз надвор’я. Пра тое, што будзе холадна, вядома за некалькі дзён. Але беларускія камунальнікі ўсё роўна не спяшаюцца пускаць у дамы цяпло. Можа быць, яны думаюць, што раз фіксуецца глабальнае пацяпленне, то ў Беларусі восень так і не наступіць.

Пакуль не падключылі ацяпленне, у некаторых дзіцячых садках тэмпература была 12-13 градусаў. З такой тэмпературай і даросламу чалавеку некамфортна, не кажучы ўжо пра дзяцей. Напрыклад, тата аднаго з дзяцей Полацка спрабаваў дамагчыся ў выканкаме падключэння цяпла ў адзін з полацкіх садкоў. Аднак мясцовыя чыноўнікі баяліся гэта зрабіць без дазволу абласных уладаў. Такое адчуванне, што гаворка ішла пра размяшчэнне базы НАТА ў Полацку, а не пра ўключэнне ацяплення ў садку, дзе тэмпература ў памяшканні была 13 градусаў. А выхавацелям у дзіцячых садках Полацка давялося змагацца з холадам у групах метадамі 20 стагоддзя: клеіць вокны, ставіць абагравальнікі і класці дзецям у ложкі бутэлькі з гарачай вадой. Добра, што не так, як у Сярэднявеччы: а тое маглі б і па-чорнаму тапіць пачаць. А, можа, чыноўнікі і камунальнікі проста вырашылі такім чынам закальваць насельніцтва. Бо ў дзіцячых садках цяпло падалі, а вось на прадпрыемствах гэта здарыцца зусім нехутка.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ