Юлія Сівец пра вечных прэзідэнтаў



У псіхалогіі ёсць панятак: імпрынтынг – замацаванне ў памяці прыкметаў аб’екта. Напрыклад, калі качаняты з’яўляюцца на свет, то лічаць сваёй маці тую, каго першай ўбачаць. Калі паглядзець на паводзіны некаторых беларускіх чыноўнікаў, то часам можна сказаць пра імпрынтынг, толькі палітычны. Вось пачала, напрыклад, Лідзія Міхайлаўна працаваць старшынькай Цэнтрвыбаркама пры Аляксандры Лукашэнку, дык, відаць, і лічыць яго цяпер пажыццёвым прэзідэнтам. Так, у інтэрвію журналістам Лідзія Ярмошына заявіла, што адмова Лукашэнкі балатавацца стане для яе шокам. Такім жа шокам для яе стала і рашэнне Нурсултана Назарбаева сысці з пасады прэзідэнта Казахстана. Праўда, потым, калі стала вядома, што кіраўнік Казахстана застаецца на кіроўных пасадах, Лідзія Ярмошына супакоілася. Уяўляеце, якім шокам для Лідзіі Міхайлаўны стала назіранне за выбарамі ва Украіне, дзе балатавалася ажно 39 чалавек, сталася вядома пра другі тур галасавання, а за гісторыю Украіны там прэзідэнтамі пабылі ўжо пяць чалавек. А якім шокам для Лідзіі Міхайлаўны былі б выбары ў ЗША з іх падлікам галасоў. Відаць, такім жа, як і інфармацыя пра тое, што цяперашні прэзінт Злучаных штатаў – ужо 45 кіраўнік. Сапраўды, уяўляеце, ёсць краіны, дзе прэзідэнты мяняюцца. Скажу нават болей, ёсць краіны, дзе прэзідэнты толькі адзін тэрмін працуюць. І нічога з гэтымі краіны не здараецца. Жывуць сабе далей і радуюцца жыццю.

Не ў тыя часы жыве Лідзія Ярмошына. Ёй бы працаваць у часы, калі краінамі кіравалі абсалютныя манархі. Альбо яшчэ лепей жыць у Паўночнай Карэі. Там памерлы Кім Ір Сэн увогуле абвешчаны вечным прэзідэнтам КНДР. І ніякіх табе шокаў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ