Пра ворагаў сучасных венер мілоскіх



Хто б мог падумаць, што сярод беларусаў так многа пурытанаў. Ім бы ўладу ў рукі – дык усіх бы жанчын апранулі б у даўгія спадніцы, кашулі да кален ды хусткі. Добра, што такія людзі не жылі ў Старажытнай Грэцыі, а інакш бы да нас не дайшлі скульптуры аголеных герояў і багоў аўтарства Мірана, ні працы Паліклета, ні Фідзія, ні іншых таленавітых скульптараў. Бо на большасці іхніх працаў – аголенае цела, на якім добра бачныя ўсе органы.

Вяслярная каманды з Універсітэта Уорвік у Вялікабрытаніі выпусціла каляндар, пра які загаварылі нават у Беларусі. А ўся прычына ў тым, што дзяўчаты на календары – голыя. Нічога непрыстойнага ў тых фотаздымках няма. Дзяўчаты ў асноўным здымаліся са спінаў. А ўсё, што магло параніць тонкую душэўную арганізацыю некаторых людзей, закрыта ці лодкай, ці яшчэ чым-небудзь. Падавалася, з моманту існавання цывілізацыі Старажытнай Грэцыі прайшло шмат часу. За гэты перыяд з’явілася мануфактура, аўтамабілі і робаты. Аднак некаторыя людзі працягваюць вараціць насы ад аголенага цела, нібыта і не жывуць у 21 стагоддзі. Маўляў, усё гэта “фу” і “срамата”. І гэта пры тым, што атрыманыя ад продажы грошы пойдуць у фонд, які змагаецца з ракам. Цікава, колькі ахвяраванняў за сваё жыццё зрабілі тыя, хто асуджаюць дзяўчат-студэнтак?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ