Змаганне з ураджаем



Студэнты Оксфарда і Кембрыджа накіроўваюцца на палі для прыборкі ўраджаю. Навучэнцы аддзялення класічных моваў і літаратуры накіроўваюцца на моркву, малекулярнай медыцыны – на буракі, тэалогіі – на цыбулю. Адказнай за студэнтаў на сельскагаспадарчых працах прызначаецца навучэнка факультэта “Мастацтва і брытанская літаратура” Эмма Уотсан, якая сыграла Герміёну Грэйнджар у “Гары Потары”. Што цяжка ўявіць, як студэнты аднаго з самых прэстыжных універсітэтаў у свеце адкладаюць падручнікі і даследчыя праекты і накіроўваюцца на поле? А вось у Беларусі чамусьці гэта паўсямесна. Зразумела, што беларускія ВНУ – гэта далёка не Оксфард ці Кембрыдж. Але гэта ж не азначае, што студэнтаў трэба накіроўваць збіраць ураджай. Тым болей, бясплатна. Часы рабаўладальніцтва прайшлі.

У Гомелі адбыўся канфлікт паміж студэнтамі, якіх накіравалі на збор морквы, і прадстаўніком аднаго сельгаспрадпрыемства, дзе тыя работалі. Студэнты, як прынята ў нашай краіне, за сваю працу грошай не атрымліваюць. Затое ім дазволілі ўзяць з сабой ажно па 5 кг морквы. Аднак здарылася сітуацыя, што яны засталіся нават без морквы. Малады чалавек грузіў у свой аўтамабіль моркву для сябе і для іншых студэнтаў, якія адпрацавалі на полі. Аднак ахоўнік, які ўбачыў згаданага студэнта, палічыў, што ўсе гэтыя мяхі для аднаго чалавека. І выклікаў міліцыю. Па выніку маладыя людзі засталіся і без навучання на тыя дні, калі працавалі ў полі, і без морквы. Ды яшчэ і ў крадзежы абвінавацілі. Вось так: каму студэнцкая мантыя, а каму – міліцэйскі пратакол без морквы.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ