Першы этап: 100 тысяч подпісаў



У пятніцу, 17 ліпеня, апошні дзень падачы ў ЦВК дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў кандыдатаў у прэзідэнты. Сёння, 16-га ліпеня, маюць быць пададзеныя дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Міколы Статкевіча. Ужо сама колькасць сябраў ініцыятыўных групаў дае пэўнае ўяўленне пра выбарчыя шанцы асобных кандыдатаў.

Перад усімі ініцыятыўнымі групамі стаіць адна задача: з 23-га ліпеня да 21-га жніўня сабраць як мінімум 100 тысяч сапраўдных галасоў. Вось у ініцыятыўную групу Лукашэнкі ўвайшлі 10,5 тысяч чалавек. Лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч кажа, што за яго будуць збіраць галасы 2,5 чалавек. У ініцыятыўнай групе лідара Партыі „Справядлівы свет” Сяргея Калякіна – крыху болей за паўтары тысячы чалавек. Акрамя іх, жаданне балатавацца ў прэзідэнты заявілі яшчэ: лідар АГП Анатоль Лябедзька, Таццяна Караткевіч, прадстаўніца “ Народнага рэферэндуму”, бізнэсовец Юры Радзькоў, эканаміст і аднойчы ўжо кандыдат у прэзідэнты  Віктар Цярэшчанка, Уладзіслаў Цітовіч — гендырэктар кампаніі Veduus, і бяспрацоўны, падтрымліваны партыяй “Зялёных”, Юры Шульган. Магчыма, акрамя Лукашэнкі, Калякіна і Гайдукевіча, свае ініцыятыўны групы зарэгіструюць яшчэ пару асоб, але сабраць па 100 тысяч подпісаў напэўна не ўсім удасца, а гэта ўсяго толькі пачатак.

Ужо сама колькасць сябраў ініцыятыўных групаў паказвае, хто з’яўляецца фаварытам на будучых выбарах. За Лукашэнку будуць збіраць подпісы 10 тысяч чалавек, але ахвочых знайшлося б і 20, і 30 тысяч. Яны збяруць патрэбныя 100 тысяч галасоў імгненна і бяспраблемна. Калі, аднак, цягам няцэлага месяца аднаму чалавеку трэба сабраць тысячу і болей  галасоў, то з гэтым можа быць тугавата. Каб ускладніць збор подпісаў Менгарвыканкам забараніў збіраць подпісы ў многіх месцах: на галоўных плошчах сталіцы – Кастрычніцкай, Незалежнасці, Перамогі, у падземных пераходах, паблізу дзяржаўных установаў і мноства іншых аб’ектаў. Тут ажно напрошваецца пытанне: дык дзе можна збіраць подпісы? Сабраць 100 тысяч подпісаў будзе цяжка яшчэ і таму, што адначасова будуць збіраць подпісы за некалькіх кандыдатаў. На пікетах людзі ставяць свае подпісы неахвоча, ды і хто для іх такі Цітовіч ці Шульган? Хадзіць ад дзвярэй да дзвярэй у час летніх адапачынкаў таксама дарэмна. Людзі на лецішчах. Апроч таго, дэмакратычная апазіцыя ізноў ідзе на выбары з традыцыйнай дылемай: удзельнічаць у выбарах, ці байкатаваць іх. Прыхільнікі байкоту кажуць, што не выпадае гуляць з рэжымам паводле яго правілаў, калі ў краіне палітвязні. Прыхільнікі ўдзелу ў выбарах адказваюць: байкот – гэта прызнанне сваёй слабасці. Маўляў, трэба ісці ў народ, скарыстоўваць законную магчымасць агітацыі і працаваць на будучыню. Анатоль Лябедзька тлумачыць свой удзел у выбарах тым, што хоча сапсаваць Лукашэнку “бліскучую” перамогу і міжнароднае прызнанне. Калякін хоча папулярызаваць праграму сваёй партыі, а Караткевіч робіць стаўку на працу з насельніцтвам з мэтай мірных перамен. Аднак тыя 4-5 чалавек, якія і будуць зарэгістраваныя кандыдатамі, пойдуць на выбары раздробленыя і без аніякага шанцу нават на сякі-такі прыстойны вынік. Паводле найноўшага сацыялагічнага апытання, з сакавіка папулярнасць апазіцыйных партыяў знізілася з амаль 19% да 13%. Пры гэтым больш як 70% беларусаў збіраюцца ўдзельнічаць у выбарах і вядома за каго яны прагаласуюць.

На сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах не будзе 10-ці кандыдатаў, як гэта было ў снежні 2010-га году, але контркандыдатам Лукашэнкі ад гэтага не стане лягчэй. Ён пераможа нават без наймешай фальсіфікацыі, бяз аніякіх падтусовак. Цяперашняму кіраўніку дзяржавы спрыяе некалькі чыннікаў, і раздробленасць апазіцыі – не самы галоўны чыннік. Проста грамадства яшчэ не даспела да зменаў і не бачыць альтэрнатывы Лукашэнку. Кожны шэраговы беларус скажа: “у нас, прынамсі, няма таго, што адбываецца ва Украіне”. Для народу, дзе моцна запаў у душу лозунг ”абы не было вайны”, гэта моцны аргумант.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ