Cенсацыі не адбылося
Учора а 20-й гадзіне завяршыліся 6-дзённыя выбары ў Палату Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла, што Палата прадстаўнікоў шостага склікання выбраная ў правамоцным складзе, галасаванне прайшло пры высокай актыўнасці выбаршчыкаў, “спакойна і неканфліктна”. Аднак незалежныя назіральнікі лічаць, што выбары прайшлі не “спакойна”, а млява, а вынікі, за некалькімі выключэннямі, аказаліся прадказальнымі.
Цягам усяго ўчорашняга дня я раз пораз заглядаў на розныя інфармацыйныя сайты, каб даведацца пра хаду галасавання. Ніякай сенсацыі не адбылося цягам усяго дня. Насуперак пазнейшым заявам Лідзіі Ярмошынай, незалежныя назіральнікі і журналісты паведамлялі пра вельмі малае зацікаўленне выбарамі. У якасці першай паступіла інфармацыя пра датэрміновае галасаванне, якое заўсёды дазваляла падцягнуць лічбы да патрэбнага ўзроўню. У якасці кур’ёзу варта згадаць як рабілася тая яўка ў Барысаве. Як паведаміў назіральнік Сяргей Салаш, у галасаванні па дамах за 420 хвілін прагаласавала 320 выбаршчыкаў, гэта значыць, што са скрыняй бегалі з хуткасцю вартай алімпійскага медалю. У сам асноўны дзень назіральнік налічыў 458 выбаршчыкаў, але ў пратаколе іх аказалася 582. „Непавага да выбаршчыкаў каласальная, гэта тэатр абсурду. Ніхто не лічыць галасы”, – заявіў Сяргей Салаш. У выніку аказалася, што цягам 5-ці дзён да суботы ўключна склала крыху больш за 31%, найбольш у Віцебскай і Гомельска абласцях, а найменей у Берасцейскай і у самім Менску. Насуперак ранейшым заявам і абяцанням, сёлета па старой звычцы датэрмінова прымушалі галасаваць студэнтаў, вайскоўцаў і рабочых вялікіх прадпрыемстваў. Відавочна, дзякуючы менавіта гэтаму, паводле ЦВК, агульная яўка за 6 дзён галасавання склала амаль дакладна гэтулькі, што і 4 гады таму – 74, 32%. Найбольш актыўныя былі нібыта жыхары Магілёўскай і Віцебскай вобласцяў.
Пра прадказальнасць вынікаў выбараў бадай найбольш красамоўна засведчыў спіс 110 фаварытаў складзены “Нашай Нівай”. Аказалася, што прагноз не спраўдзіўся толькі у выпадку 4-х кандыдатаў. Там нечакана прайграў намеснік дырэктара Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Вадзім Лакіза, якога падтрымлівала „Белая Русь”.
Гэта вынік варты Кнігі рэкордаў Гінэса. Не здзіўляе і той факт, што ў Палаце Прадстаўнікоў будзе вельмі мала кандыдатаў ад палітычных партый: 8 ад Камуністычнай партыі, 6 ад „Партыі працы і развіцця” і „Патрыятычнай партыі”, якія амаль невядомыя нават з назвы. У якасці пэўнай сенсацыі называецца факт, што ў Палату Прадстаўнікоў патрапіла трое прадстаўнікоў, якіх можна лічыць апазіцыйнымі ці дэмакратычнымі. Гэта Алена Анісім, кандыдатка ад Таварыства беларускай мовы, Анатоль Хішчанка з Ліберальна-дэмакратычнай партыі і дагэтуль амаль нікому не вядомая Ганна Канапацкая з Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Пра гэтую апошнюю кажуць, што ў Кастрычніцкай выбарчай акрузе ў Менску яўка склала 25%. Калі журналіст зафіксаваў гэтую лічбу, яго вытурылі з участка, яўку падволілі і пераможны вынік ёй проста „дамалявалі”.
У тым, што ў Палату прадстаўнікоў на 110 месцаў патрапіла двое прадстаўнікоў апазіцыйных партый і адна кандыдатка ад грамадскай арганізацыі, я не бачу нічога дзіўнага. Яны ці нехта іншы проста мусіў быць абраны, калі выбары павінны былі адбыцца больш “празрыста і дэмакратычна” чым усе мінулыя. Мабыць у ЦВК палічылі, што для добрага ўражання на міжнародных назіральнікаў і міжнароднай супольнасці гэтага дастаткова. Хутчэй за усё гэтак і будзе на самой справе.