“Не вынесла душа поэта”



Падчас паседжання апазіцыйнай кааліцыі ў складзе сямі партыяў і рухаў, лідар кампаніі “Гавары праўду” Уладзімір Някляеў заявіў аб сваім выхадзе са свайго руху і ўвогуле з апазіцыйных структур. Сваё рашэнне ён патлумачыў расчараваннем дзейнасцю дэмсілаў, няздольных дамовіцца ў ніводным з істотных пытанняў.

Някляеў падзякаваў актывістам руху “Гавары праўду” за працу і падтрымку. Ён заявіў, што нават без непасрэднага ўдзелу ў палітыцы, незалежнасць і дэмакратычная будучыня Беларусі застаюцца для яго найважнейшай каштоўнасцю. “Дзеля гэтага я буду працаваць і далей,” – сказаў ён.

Рашэнне аб спыненні актыўнай, палітычнай дзейнасці мабыць даспявала ў Някляева доўга, хаця пра гэта выпадала б спытацца ў яго самога. Падставаў для расчаравання дзейнасцю апазіцыі было аж надта. Гэта было таптанне на месцы, дэ-факта імітацыя дзейнасці з вынікам такім, як малаціць мякіну, або паводле Салжаніцына, дужацца цяляці з дубам. Хай мне даруюць усе шчырыя апазіцыянеры і дэмакраты такія параўнанні, але звонку сапраўды гэта так выглядае. Апазіцыйныя партыі выдумлялі нейкія акцыі, кшталту “маўклівыя пратэсты”, „Народны рэфэрэндум” і таму падобнае, з якіх ніколі нічога не вынікала. Досвед удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах 2010 году павінен быў ацверазіць любога апазіцыйнага палітыка. Калі б нават гэта былі поўнасцю дэмакратычныя і справядлівыя выбары, то ніводзін з контркандыдатаў Лукашэнкі не быў бы для яго канкурэнтам. Як самы перспектыўны сярод апазіцыйных палітыкаў Някляеў мог бы яшчэ раз паспрабаваць паўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах сёлета, але ці варта было гэта рабіць з электаральным рэйтынгам максімум у 10%? Ды справа ў тым, што апазіцыйная кааліцыя так і не змагла дамовіцца адносна вылучэння адзінага кандыдата. Дакладна ўчора, 8 красавіка, сем партыяў і рухаў: «Справядлівы свет», БСДП ( Грамада), рух «За свабоду», кампанія «Гавары праўду», АГП, БХД і Партыя БНФ не дамовіліся наконт правядзення Кангрэсу дэмсілаў і вылучэння адзінага кандыдата. Зрэшты тут нічога новага. Ужо даўжэйшы час тыя самыя партыі і палітыкі збіраліся, дыскутавалі, спрачаліся, планавалі вылучыць зняволенага Статкевіча, каб потым аб’явіць байкот выбараў, але ўсё гэта, як гаворыцца, кату пад хвост. Апазіцыйная дзейнасць мае сэнс толькі тады, калі ў апазыцыі ёсць шанец прыйсці да ўлады і ажыццявіць сваю праграму. Калі такога шансу няма, тады гэта звычайная страта часу і энэргіі. Насуперак цвярозай ацэнцы магчымасцяў, АГП збіраецца вылучыць кандыдатам свайго лідара Анатоля Лябедзьку, а кампанія “Гавары праўду” – Таццяну Караткевіч. Вядома ж, знойдзецца яшчэ нейкі спарынг-партнёр Лукашэнкі, каб было цікавей і разнастайней, хаця вынік прадказальны.

На месцы Уладзіміра Някляева, я прыняў бы такое самае рашэнне. Ён знакаміты паэт і празаік. Яго пакліканне ды натуральная стыхія – літаратура. З часу дэбюту 45 гадоў таму Някляеў ужо ўвайшоў у гісторыю сваімі кнігамі: «Адкрыццё», «Вынаходцы вятроў», «Знак аховы», «Наскрозь», «Прошча» ды іншыя. Філосаф і культуролаг Валянцін Акудовіч лічыць, што разам з гадамі Някляеў піша усё лепей і лепей, а яго паэма «Ложак для пчалы» — «найлепшае з напісанага ім, адна з самых лепшых ува ўсёй беларускай літаратуры, калі не найлепшая». Я ўпэўнены, што Някляеў запішацца ў гісторыі не сваім 5-гадовым эпізодам удзелу ў палітыцы, але такімі радкамі: «Дарагое і ёсць дарагое. Ува мне – там, дзе сэрца тугое. Ад скразной, невыноснай тугі – Б’ецца ластаўкай берагавою, Беларусь аб свае берагі».

Не трэба біцца галавою ў сцяну. Гэта дарэмны занятак. Някляеву амаль 69 гадоў і трохі позна займацца палітыкай, бо ўсяму свая пара. Затое з такім вялікім багажом жыццёвага досведу і мудрасці можна да канца сваіх дзён служыць Радзіме паэтычным словам, а маладым палітыкам – парадамі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ