Абы шкварка і чарка
“Палітычныя чыннікі, небяспека буйнамаштабнай, усясветнай вайны людзей у свеце турбуе меней, чым кліматычныя змены і глабальны, эканамічны крызіс”. Да такой высновы прыйшлі амерыканскія даследчыкі, якія апыталі 45 тысяч чалавек з 40 краін свету, у тым ліку з Беларусі.
“Чаго баішся найболей: змены клімату, гаспадарчай нестабільнасці, Ісламскай дзяржавы, іранскай ядзернай праграмы, хакерскіх атакаў, напружанасці ў адносінах з Расеяй, тэрытарыяльных спрэчак з Кітаем”? Прыблізна такія былі пытанні пастаўлены рэспандэнтам і сабраныя з сакавіка да траўня бягучага года. Рэспандэнты акрэслівалі сваю боязь паводле шкалы ад “вельмі баюся” да “зусім не баюся”. Даследчыкі спярша засяродзіліся на тым, чаго найбольш баяцца на шкале боязі жыхары дадзенай краіны, а затым – чаго найбольш баіцца увесь свет.
Аказалася, што пацяпленне клімату з’яўляецца асноўнай праблемай для 19 з 40 краін. Паводле дадзеных амерыканскіх і японскіх метэаролагаў, першыя шэсць месяцаў гэтага года былі самымі гарачымі за ўсю гісторыю інструментальных назіранняў. Незвычайна высокія тэмпературы назіраліся практычна ва ўсёй Еўразіі, Паўднёвай Амерыцы, Афрыцы, Аўстраліі і на захадзе Паўночнай Амерыкі. На сённяшні дзень больш за ўсіх ад спёкі пакутуюць Балканы і Паўднёвая Еўропа. Клэр Нуліс з Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі не бярэцца сцвярджаць на 100 адсоткаў, што анамальная спякота — прамое наступства змены клімату. Аднак яна цалкам упісваецца ў існуючыя мадэлі. Людзі баяцца падвышэння роўню акеанаў, засухаў, голаду і эпідэміяў хваробаў. Кліматычныя змены найболей турбуюць жыхароў Паўднёвай Амерыкі, Азіі і Афрыкі. У Еўропе клімат найболей хвалюе туркаў, затое найменей – палякаў, бо ўсяго толькі 14%.
Другой найвялікшай пагрозай для свету з’яўляецца “Ісламская дзяржава”. Гэтая самая заможная тэрарыстычная арганізацыя публічна адрэзвае галовы вязням, рабуе і знішчае помнікі старажытнасці, а яе лютасць выклікае агіду нават з боку аль-Кайды. “Вельмі баяцца” ісламскага каліфату жыхары 14 краін, пераважна заможных краін Захаду: ЗША, Канады, Аўстраліі, Карэі, Японіі і заходняй Еўропы. У Еўропе найбольш баяцца джыхадыстаў іспанцы і фрнанцузы. Боязь перад “Ісламскай дзяржавай” тлумачыцца тым, што яна вярбуе сваіх баевікоў сярод імігрантаў у заходняй Еўропе. Неаднойчы яны маюць грамадзянства гэтых краін і добра ведаюць заходнія грамадствы.
Трэцяй, паводле шкалы боязі, з’яўляюцца эканамічныя праблемы. Для 5 краінаў свету, у тым ліку для Расеі, гэта найвялікшая пагроза. Для беларусаў таксама не страшны ні холад, ні спёка, абы было што ў гаршчок пакласці. Для 20 краін гэта другая паводле значнасці праблема. 43% расейцаў прызналі, у выніку дэвальвацыі рубля, заходніх санкцыяў і нізкіх цэнаў на нафту, эканоміцы пагражае крах, а грамадзянам – галеча. Гаспадарчая нестабільнасць, звязаная з вайною на ўсходзе краіны, хвалюе 35% украінцаў. Што тычыцца агрэсіўнай палітыкі Расеі, дык яна найбольш турбуе ўкраінцаў (62%) і палякаў (44%). Апытанне было праведзенае яшчэ да таго, як было дасягнутае пагадненне з Іранам, і перш чым апагею дасягнуў крызіс у Грэцыі.
Што тычыцца галоўнай боязі свету – кліматычных зьменаў, – дык вялікія спадзяванні ўскладаюцца на снежаньскую канферэнцыю ў Парыжы. Думаю, што многім краінам свету прыйдзецца рэзка абмежаваць эмісію парніковых газаў, нават за кошт спавольвання эканамічнага росту. Для прыкладу, усё большая колькасць амерыканцаў прызнае, што апошнім часам разбуральных ураганаў стала заўважна болей, чым у мінулыя гады. Таксама Польшча, чыя энергетыка абапіраецца на вуглі, можа быць вымушаная ў большай ступені адмовіцца ад свайго нацыянальнага праблемнага багацця.
Думаю, што адносна ўсіх нацыяў, уключна з беларусамі, гэтае даследаванне надзвычай цікавае тым, што яно пацвярджае наяўнасць нечага такога як калектыўная інтуіцыя. Беларусы не прадчуваюць знешняй пагрозы. Джыхадысты – далёка, клімат у іх –памяркоўны. Беларусы ведаюць і адчуваюць, што іх асноўнай праблемай з’яўляюцца матэрыяльныя справы: як пражыць, як пракарміцца? Увогуле, людзі лепей за палітыкаў ведаюць, што для іх важна, у чым галоўная небяспека.