Аднавіць еўрапейскую тоеснасць



“Трэба аднавіць нашу еўрапейскую тоеснасць, калі хочам выратаваць праект бацькоў-заснавальнікаў Еўразвязу”, – заявіла кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Федэрыка Магерыні. Па яе словах, да гэтага схіляюць у прыватнасці вынікі двух розных выбараў у Гішпаніі і Польшчы.

“Наш галоўны абвязак палягае ў тым, каб застацца вернымі ідэалам і каштоўнасцям Еўразвязу. Не будзе Еўропы, калі напоўнім яе гетамі і людзьмі, выціснутымі на ўзбочыну”, – заявіла Магерыні. З рук прэзідэнта Італіі Джорджьё Напалітана яна прыняла ў Рыме ўзнагароду Італьянскага Інстытуту даследванняў Міжнароднай Палітыкі. Аб неабходнасці ўнутранай рэформы, па словах Магерыні, сведчаць нядзельныя, мясцовыя выбары ў Гішпаніі і прэзідэнцкія ў Польшчы, а таксама найноўшыя падзеі ў Вялікай Брытаніі і Грэцыі. У Гішпаніі на мясцовых выбарах кіруючая Народная Партыя страціла 3 мільёны галасоў. У выніку, хаця яна перамагла ў 9-ці з 13-ці мясцовых парламентаў, аднак не зможа кіраваць самастойна. Праўдападобна не абыйдзецца без кааліцыі з двума народнымі рухамі, у прыватнасці  Ciudadanos (Грамадзяне) і  Падэмос ( Можам). У цэлым мясцовыя выбары паказалі, што гішпанцы патрабуюць зменаў і дэцэнтралізацыі ўлады. Перспектыва рэферэндуму аб незалежнасці Каталоніі спрычыняе ў Брусэлі галаўны боль. Што тычыцца Польшчы, дык на прэзідэнцкіх выбарах там перамог Анджэй Дуда, таксама выступаючы пад лозунгамі зменаў. Італьянскія медыя прадстаўляюць новага прэзідэнта Польшчы як еўраскептыка, праціўніка еўра, папуліста і нацыяналіста. У міжчасе Вялікая Брытанія рыхтуецца да рэферэндуму ў пытанні свайго сяброўства ў Еўразвязе. Лідара Кансерватыўнай партыі і прэм’ер Дэйвід Кэмаран хоча перагляду ўмоваў сяброўства сваёй краіны ў Еўразвязе, паколькі лічыць, што Лондан перадаў зашмат паўнамоцтваў цэнтру ў Брусэлі. У выніку, Лондан не толькі зашмат плаціць у агульную, еўрапейскую скарбонку, але і не можа нават праводзіць самастойнай палітыкі адносна наплыву імігрантаў. Сам жа Кэмаран увогуле не хоча выхаду краіны з Еўразвязу. Адносна Грэцыі, дык маючы левы, папулісцкі ўрад, яна ўвогуле блізкая банкруцтва і выхаду з зоны еўра. Для Еўразвязу і зоны еўра гэтая краіна – адна бясконцая праблема. Затое новы прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда не праціўнік сяброўства Польшчы ў Еўразвязе, але хоча для сваёй краіны больш экспанаванай пазіцыі ў еўрапейскім доме і выступае супраць хуткага далучэння да зоны еўра.

Федэрыка Магерыні правільна адзначыла бадай толькі адну небясьпеку: рэальнай і заўважнай праблемай Еўразвязу з’яўляецца крызіс тоеснасці і неабходнасць вяртання да яго першапачатковых ідэялаў і каштоўнасцяў. Бо асноўнай марай айцоў-заснавальнікаў Еўразвязу была – “дэмакратычная, аб’яднаная, заможная і стабільная Еўропа”.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ