Ануфры – кампрамісны выбар
Падзячным малебнам ва Успенскім Саборы Кіева-Пячэрскай Лаўры завяршыўся Сінод Украінскай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхату. Сабор епіскапаў абраў новым Кіеўскім Мітрапалітам часова выконваючага яго абавязкі, Мітрапаліта Чэрнівецкага і Букавінскага-Ануфрыя. Яго інтранізацыя адбудзецца 17 жніўня.
Украінская Праваслаўная Царква Маскоўскага Патрыярхату карыстаецца шырокай аўтаноміяй і свайго першаіерарха абірае сама. Гэта не значыць, што Маскоўскі Патрыярх Кірыл зусім не мае ўплыву на ўкраінскую Царкву. Ён у прыватнасці сваім дэкрэтам зацвярджае выбар зроблены ўкраінскім епіскапатам. Ён таксама быў зацікаўлены ў тым, каб Кіеўскую кафедру ўзначаліў прыхільнік адзінства і поўнага зліцця з Маскоўскім Патрыярхатам. Такую пазіцыю займаюць у прыватнасці намеснік Кіева-Пячорскай лаўры Мітрапаліт Павел і Адэскі Мітрапаліт Агафангел. Павел быў гарачым прыхільнікам былога прэзідэнта Віктара Януковіча і не раз выступаў з рабалепнымі заявамі на яго адрас. Ён і падобныя яму былі б не супраць страты Украінай дзяржаўнай і царкоўнай незалежнасці. Затое маладзейшыя епіскапы з заходняй і цэнтральнай Украіны выступаюць за аб’яднанне ўкраінскага праваслаў’я ў адну незалежную Царкву і яго поўнага аддзялення ад Масквы. Лідарам гэтай партыі лічыцца Вінніцкі Мітрапаліт Сімяён, які аднак у першым туры галасавання набраў толькі 9 галасоў. Затое 69-гадовы Ануфры займае кампрамісную пазіцыю: ён шэраг разоў выступаў за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, вітаў абранне Пятра Парашэнкі на пасаду прэзідэнта і заклікаў сепаратыстаў на Усходзе Украіны скласці зброю. Ён асуджаў тых епіскапаў і святароў, якія актыўна падтрымлівалі сепаратыстаў, але пры гэтым крытыкаваў украінскія ўлады і пісаў да самога прэзідэнта , калі ўлады выклікалі на допыты і здзекваліся з найбольш актыўных святароў-русафілаў. Апроч таго, Мітрапаліт Ануфры ўзначальвае Усеўкраінскую Раду цэркваў у якую ўваходзіць 18 канфесій і не саромееца сядаць побач з грэка-каталікамі ды прадстаўнікамі некананічнай праваслаўнай царквы Кіеўскага Патрыярхату. У сваёй найноўшай заяве Рада за подпісам Мітрапаліта Ануфрыя заклікала Расею перастаць умешвацца ў справы Украіны, запатрабавала вызвалення ўсіх закладнікаў, якія знаходзяцца ў руках сэпаратыстаў і аказаць гуманітарную дапамогу ўсім пацярпелым у выніку канфлікту. У дакуменце гаварылася, што ў ніякім разе нельга дапусціць падзелу Украіны. Пры гэтым Мітрапаліт Ануфры, прынамсі афіцыйна не адкідае ідэі так званага “рускага свету”. Мабыць з гэтай прычыны кіраўнік Украінскага Патрыярхату – Філарэт заявіў, што пры Ануфрыі нават калі і пачнуцца перамовы аб аб’яднанні ўкраінскага праваслаў’я, яны будуць бясплённымі. Па словах Філарэта, ён усё такі не лічыць Мітрапаліта Ануфрыя “украінскім патрыётам”. Інакш кажучы: у цэлым яго выбар гэта кампраміснае рашэнне. Мяркуецца, што ён будзе працягваць справу памерлага 5 ліпеня Мітрапаліта Уладзіміра, пры якім УПЦ умацавалася. З чатырох духоўных школ пры ім іх колькасць узрасла да 15-ці, – 5 тысяч парафій да амаль 11-ці тысяч, з 32-х манастыроў да 160-ці.
У цэлым можна сказаць, што абранне Мітрапаліта Ануфрыя гэта спроба захаваць статус-кво. Але гэта такі статус, у якім у Царкве захаваюцца такія ж вострыя падзелы, як і у самім украінскім грамадстве. Мітрапаліт не паўплывае на настроі ні сярод епіскапату, ні духавенства ні вернікаў. Ён можа толькі ўтаймоўваць крайнія тэндэнцыі, але поспеху ва ўміратварэнні настрояў гэта не гарантуе.