Асацыяцыя з незразумелай адтэрміноўкай
Міністэрства замежных справаў Украіны тлумачыцца перад грамадствам з прычыны адтэрміноўкі ўвядзення ў сілу Дамовы аб асацыяцыі з Еўразвязам. У знак пратэсту супраць такой саступкі Пуціну ў адстаўку падаў віцэ-міністр замежных справаў Украіны Даніла Лубкіўскі.
Украінскі МЗС лічыць, што адтэрміноўка павінна супакоіць Расею, якая баіцца негатыўнага ўплыву Дамовы на сваю эканоміку. Паводле ўкраінскага МЗС-у, такое рашэнне Еўразвязу “з’яўляецца жэстам падтрымкі і салідарнасці з Украінай”. “Нашы вытворцы змогуць карыстацца аднабаковымі прэферэнцыямі Еўразвязу і атрымаюць дадатовы час на падрыхтоўку да большай канкурэнцыі ў рамках зоны свабоднага гандлю Укріана-Еўразвяз,” – гаворыцца ў камюніке ўкраінскага Міністэрства. У ім падкрэсліваецца, што Кіеву ўдалося захаваць роўнавагу паміж рэалізацыяй дамовы аб свабодным гандлі з ЕЗ і працягам дзейнасці свабоднага гандлю з Расеяй і астатнімі краінамі СНД”. МЗС запэўніў, што не змяняюцца планы ратыфікацыі дамовы з 16 верасня і яе тэкст не будзе карэктавацца, як гэтага хацела Расея.
Аднак інакш бачыць справу віцэ-міністр Лубкіўскі, які падаў у адстаўку. Па яго словах, рашэнне Бруселю “гэта кепскі сігнал для ўсіх: для агрэсара – Расеі, саюзнікаў і найперш грамадзян Украіны”. “Выбару нельга адтэрміноўваць, бо ён перастане быць выбарам,” – напісаў Лубкіўскі. У пятніцу ў Бруселі прадстаўнікі Еўразвязу, Расеі і Украіны заявілі, што ажыццяўленне Дамовы аб свабодным гандлі Еўразвяз-Украіна будзе адкладзенае да 31 снежея 2015 года. Да таго часу Кіеў надалей будзе карыстацца еўрапейскім, аднабаковым скасаваннем мытных пошлін, што з пункту погляду Бруселю павінна дапамагчы Украіне, якая апынулася ў цяжкім становішчы. Рашэнне было прынятае падчас сустрэчы еўракамісара ў справах гандлю Карэля дэ Гухта, міністра эканамічнага разьвіцця Расеі Аляксея Улюкаева і міністра замежных справаў Украіны Паўла Клімкіна. У любым выпадку гэта саступка Расеі. Масква прыгразіла ўвядзеннем з 1 лістапада мыта на ўкраінскія тавары, калі Дамова будзе ратыфікаваная ўжо ў верасні і калі не будуць улічаныя яе заўвагі.
Як бы дыпламаты не тлумачылі прынятае ў Бруселі рашэнне, яно застаецца таямнічым, незразумелым. Можа і Украіне патрэбнны час на лепшую падрыхтоўку да так званай імплементацыі Дамовы, але адтэрміноўку можна ўспрыймаць як перамогу Пуціна. Гэта становіцца відавочным, калі ўлічыць мэты, якія ставіла перад сабою Дамова аб асацыяцыі. Гэта: паступовае збліжэнне паміж Украінай і Еўразвязам на аснове агульных каштоўнасцяў, паглыбленне эканамічных і гандлёвых сувязяў, узмацненне супрацоўніцтва ў сфэры правасуддзя, свабоды і бяспекі. Паступова мела адбывацца інтэграцыя ўкраінскай эканомікі ва ўнутраны рынак Еўразвязу. Дамова прадугледжвала цеснае супрацоўніцтва ў сфэрах энэргетыкі, прамысловай палітыкі і прадпрымальніцтва, падаткаабкладання, турызму і іншых сфэраў. Украіна магла б разьлічваць на фінансавую дапамогу з боку Еўразвязу. Агулам, тэкст Дамовы ўключна з прэамбулай, сямю часткамі, 43-мя дадаткамі і трымя пратаколамі налічвае больш як 1000 старонак. Што з імі здарыцца праз 15 месяцаў? Украіны як адной дзяржавы ўжо можа не быць. Нават з улікам паставак зброі Украіне з боку асобных краін НАТО, ваенная перамога не гаранатаваная. Да канца наступнага года сітуацыя можа павярнуцца так, што ўсе гэтыя тысяча старонак Дамовы можна будзе выкінуць у сметніцу. Нельга забываць, што якраз адмаўленне ад падпісання Дамовы ў лістападзе мінулага года прывяло да Майдану, адстаўкі Януковіча і цяперашняй вайны. Як украінскае кіраўніцтва патлумачыць грамадству гэтую адтэрміноўку? Разумнага тлумачэння не бачна, акрамя саступак з боку Еўразвязу, каб не псаваць адносінаў з Расеяй.