Бацька «пакрыўдзіўся» на старэйшага брата



Беларускі кіраўнік прыгразіў Расеі зніжэннем узроўню інтэграцыйных працэсаў. Падчас сустрэчы з дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам ён назваў непрымальным ціск з боку Расеі ў выглядзе скарачэння ёю паставак газу ў Беларусь.

Як на дыпламатычную мову, словы беларускага кіраўніка вельмі моцныя. Гэта не проста скарга, а лямант. «Не хаваў і не буду хаваць у гэтай размове: занадта шмат праблемаў намецілася ў нас у краіне, занадта шмат крытыкі ў адрас не толькі інтэграцыі на ўзроўні дзвюх дзяржаваў, але і на ўзроўні Еўразійскага эканамічнага саюзу і СНД» — заявіў Лукашэнка ў размове з Рыгорам Рапотам. Ён раскрытыкаваў Расею, што тая скараціла больш як на траціну ( 37,5 %) аб’ёмы паставак газу ў Беларусь і прыгразіў магчымым зніжэннем узроўню інтэграцыі: «Бо— як адзначыў —  ужо надакучыла, гэта ўжо цераз край». Ён адзначыў, што летась тавараабарот паміж Беларуссю і Расеяй скараціўся і надалей скарачаецца, і пры гэтым па нявыгадных для Беларусі цэнах. Таму беларускі кіраўнік заклікаў Расею вызначыцца з будучыняй сумесных інтэграцыйных праектаў. Факт, што Расея не пагаджаецца на зніжэнне цэнаў на газ і затым рэзка скараціла яго пастаўкі Лукашэнка ўспрыняў як ціск на Беларусь, «але ціску я не пацярплю і беларусы таксама», — заявіў Лукашэнка. Ён паскардзіўся дзяржсакратару Саюзнай дзяржавы, што Расея блакуе імпарт многіх беларускіх тавараў, асабліва прадуктаў харчавання. «Еўразвязу яны якасныя падчас калі ў Расеі яны чамусьці няякасныя» і раз пораз Расея забараняе іх увоз, хіба, што мы моцна знізім іх цану. Па словах Лукашэнкі, «мы павінны дакладна вызначыцца: ці мы ідзем на паглыбленую інтэграцыю дзяржаў, ці не. Будзем выконваць заключаныя дагаворы і абавязацельствы або не будзем? Вось гэта галоўнае пытанне для нас», — канстатаваў беларускі лідар.

Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота спрабаваў супакоіць беларускага кіраўніка. Маўляў, паміж Беларуссю і Расеяй былі і будуць спрэчныя пытанні. Галоўнае, каб яны не насілі антаганістычны характар і кардынальна не пашкодзілі нашым адносінам. «Наша задача як раз — старацца садзейнічаць вырашэнню гэтых пытанняў», — дадаў Рапота.

Лукашэнку асабліва моцна абурыла пытанне энерганосбітаў. На мінулым тыдні ён даручыў ураду неадкладна дамовіцца за Расеяй у энергетычных пытаннях, аднак дасягнуць кампрамісу не ўдалося. У выніку Расея скараціла пастаўкі газу ды адным махам і нафты. Па словах прэм’ера Андрэя Кабякова, гэта цягне за сабою далейшае падзенне валавога ўнутранага прадукту ў Беларусі.  Калі ў студзені—чэрвені ён знізіўся на 2,5% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, то ў студзені—ліпені сёлета падзенне склала ўжо 2,7%, а ў студзені—жніўні — дасягнула 3%.

У цэлым, горкія словы Лукашэнкі на адрас Расеі поўнасцю апраўданыя. Існуюць структуры, працуе хмара чыноўнікаў, адбываюцца сустрэчы, нарады і распрацоўка сумесных планаў, а вынік ад іх — мізэрны. Скаргі Лукашэнкі выкліканыя тым, што ад інтэграцыйных працэсаў Беларусь не атрымлівае аніякай выгады. Маўляў, што з таго Еўразійскага эканамічнага саюзу, калі сяброўства ў ім прыносіць адны страты. Тавараабарот заміж павялічвацца — скарачаецца. Цэны на беларускія тавары пастаўленыя ў Расею зніжаюцца з прычыны крызісу ў Расеі. Да таго ж, расейскае эмбарга на імпарт заходніх прадуктаў чамусьці закранае і беларускія тавары.

Здаўна вядома, што тая саюзная дзяржава і СНД — поўная фікцыя. Затое ўступленне ў эканамічны саюз супала з санкцыямі супраць Расеі і з рэзкім падзеннем цэнаў на нафту. Проста Лукашэнку моцна не пашанцавала. Ён гэтага не прадбачыў. Цяпер, паколькі радыкальна адмовіцца ад сувязяў і саюзаў з Расеяй немагчыма, застаецца чакаць іх паступовай эрозіі. Не раз гэтак бывала, што самы важны праект проста не ажыццяўляецца а затым памірае так званай «натуральнай смерцю». Праўдападобна гэтак будзе і дадзеным выпадку.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ