“Бацька” вучыць дзяцей рабіць
Праваслаўная і Каталіцкая Цэрквы ў Беларусі мягка дыстанцыяваліся ад слоў кіраўніка дзяржавы пра духавенства. Яны нагадалі пра дзейсную норму цэлібату і таксама пра тое, што няма падставаў падазраваць святароў у парушэнні зароку бясшлюбнасці ды маральнай чысціні.
Пра духавенства Аляксандр Лукашэнка згадаў падчас выступлення ў звароце да народу ў Авальнай зале Нацыянальнага Сходу. Гіерархію ён закрануў, гаворачы пра дэмаграфію. Па яго словах, каб быць верагодным у сваім навучанні пра сужонства і сям’ю, трэба самому быць жанатым і мець дзяцей. Лукашэнка прызнаў, што ён часта, хаця і непублічна папракае святароў, асабліва вышэйшага рангу, за тое, што яны многа гавораць пра сям’ю, але самі не ўносяць свайго ўкладу ў дэмаграфію краіны. “Я пытаюся: ваша святасць, ваша высокаправасхадзіцельства, колькі дзяцей у вас? Няма. Ну дык што вы агітуеце? Для таго, каб выступаць, трэба самім мець дзяцей. Што за дрымучасць? Святар вялікага ўзроўню не павінен мець дзяцей? Ну што гэта такое? Упэўнены, што цішком дзесьці штосьці касячаць. Я не тое што ўпэўнены, я ведаю гэта. Гэта нармальна. Дзеці павінны быць, каб быць чалавекам. Без дзяцей — не чалавек. Бывае чалавек хворы. У нас у дзіцячых дамах яшчэ не ўсіх разабралі». Гэтымі словамі Лукашэнка выклікаў весялосць у зале. Тэлекамеры паказалі, як смяяўся нежанаты апостальскі нунцый у Беларусі Кляўдыё Гуджэроцці.
Аднак пасля смеху прыйшла думка, што гэта не толькі жарт, але і цалкам сур’ёзны папрок у крывадушніцтве святароў. Маўляў, яны нібыта цэлібатнікі, але спадцішка вядуць актыўнае полавае жыццё, што для Лукашэнкі нармальнае ў выпадку нармальнага, здаровага мужчыны. Вось таму словы Лукашэнкі пракаментаваў прэс-сакратар БПЦ – прат. Сяргей Лепін. Ён нагадаў, што ў Праваслаўнай Царкве епіскапамі становяцца выключна манахі, а тыя ўключна з Мітрапалітам даюць зарок бясшлюбнасці. Айцец Сяргей дадаў, што «у нас няма падстаў сумнявацца ў тым, што епіскапы вядуць таксама набожны лад жыцця ў адпаведнасці з царкоўнымі канонамі і мараллю Праваслаўнай царквы».
Падобнае заявіў і прэс-сакратар Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі ксёндз Юры Санько. Ён таксама нагадаў, што ўсе каталіцкія святары не пабіраюцца шлюбам і адпаведна не маюць сексуальнага жыцця. «Бясшлюбнасць – гэта адно з абяцанняў, якое прымаецца чалавекам свядома, і яно вельмі важнае для прадстаўнікоў Каталіцкай царквы», — сказаў ксёндз Санько. Пры гэтым ён дадаў, што святары ўсяляк дапамагаюць сем’ям і падтрымліваюць іх трываласць. Для многіх нежанатых паводле выбару сану ксяндзоў парафія з’яўляецца яго сям’ёю. Існуе таксама практыка духоўнага бацькоўства, якая не менш важная за біялагічнае бацькоўства, – сказаў а. Юры.
Узнікае пытанне: а ці трэба было наагул каментаваць гэтыя словы Лукашэнкі? Ці ж лекар мусіць перахварэць на ўсе хваробы, каб паспяхова іх лячыць? Ці ж ва усім трэба асабіста пераканацца, каб пра гэта гаварыць? Ці ж трэба быць жанатым, мужам, жонкай, бацькам і маці, каб ведаць, да чаго пакліканая сям’я? Аднак кіраўнік выказаў той сумнеў, які часта агучваецца на побытавым узроўні. Маўляў, не жэняцца, але каханак і дзяцей маюць неафіцыйна, спадцішка. Многія ўпэўненыя, што якраз з прычыны цэлібату раз пораз у Царкве ўзнікаюць сэксуальныя скандалы. Іх асабліва сквапна падхопліваюць і агучваюць людзі нецаркоўныя і недалёкага розуму. Яны, мяркуючы па сабе, не ў стане зразумець, што ўсё ж можна жыць і пераважная большасць святароў жыве ў цэлібаце і полавай чысціні. Гэта неад’емны атрыбут святарства і манаства, іхная ахвяра і іхны выбар. Яны самі непасрэдна не паляпшаюць дэмаграфічную статыстыку, але, прапагандуючы ідэал здаровай сям’і і мацярынства, выдатна спрыяюць нараджэнню дзяцей. Думаю, што Аляксандр Лукашэнка апошні чалавек, які мог бы каго-небудзь павучаць у справах сям’і і маралі. Ён аніяк не з’яўляецца эталонам мужа і бацькі. У яго афіцыйна тры сыны, але адзін з якіх пазашлюбны, што можа нікому не перашкаджае, але супярэчыць традыцыйнай маралі. Таму тут да месца тая прымаўка: “Чыя бы кароўка не мычала, а твая бы маўчала”.