Беларусам прыйдзецца даўжэй працаваць
З 1-га лютага ў Беларусі павялічаны пражытачны мінімум, узрос памер надбавак і павышэнняў да пэнсіяў. З другога боку, адначасова ўводзіцца шэраг падвышак, у прыватнасці на паштовыя паслугі, цыгарэты і тэлефонныя аплаты. Разам з тым урад рыхтуе насельніцтва да самай істотнай рэформы: павышэння пенсійнага ўзросту.
Калі назваць дакладна, што цяпер, пражытачны мінімум складае 1 млн. 591 тысячу 310 рублёў, дык мала хто запамятае гэтую лічбу. Людзі лепей зразумеюць, што гэта прыблізна 75 даляраў, альбо 300 польскіх злотых. Акрамя таго, з пачатку лютага, на няпоўныя паўтары тысячы павялічваюцца памеры мінімальных працоўных і сацыяльных пенсіяў, а таксама памеры надбавак, павышэнняў і даплат, устаноўленых да пенсіяў асобных катэгорыяў пенсіянераў. Узраслі і ўсе віды дзяржаўных дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей. Аднак, усе гэтыя падвышкі складаюць не болей за 3%, а гадавая інфляцыя ў Беларусі перавышае 13%. Гэта значыць, што абсалютна ўсе беларусы, якія з 1 лютага 2016 года атрымліваюць заробак, пенсію альбо сацыяльную дапамогу, становяцца ўсё бяднейшымі. Пры гэтым, з 1-га лютага даражэюць паштовыя паслугі, некаторыя віды цыгарэтаў, а мабільны аператар Velcom спыняе абслугоўванне 16 архіўных тарыфных планаў. Значыць, і паведаміць па тэлефоне сваякам, што немагчыма звязаць канцы з канцамі, абыдзецца яшчэ даражэй.
Эканамічны крызіс у Беларусі амаль ідэнтычны, як у братняй Расеі. Абедзве краіны салідарна апускаюцца на эканамічнае дно. З прычыны крайне нізкіх цэнаў на нафту, Расея пераядае свае апошнія, валютныя рэсурсы, а Беларусь ужо не можа спадзявацца не толькі на дапамогу ад Масквы, але нават не можа адвязацца ад свайго, гандлёвага партнёра. Каб неяк звязаць канцы з канцамі абедзве краіны сінхронна вырашылі ўзяцца за пенсійны ўзрост. Гэта значыць, павысіць яго для розных катэгорыяў насельніцтва пакуль не будзе позна. Паколькі, аднак, і ў Беларусі і ў Расеі людзі прызвычаіліся, што мужчыны выходзяць на пенсію ў 60 гадоў, а жанчыны ў 55 гадоў, дык трэба ўводзіць змены паступова, каб не было шоку і пратэстаў. Як адзначыла нядаўна міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна: «Ад гэтай праблемы нікуды не дзенемся». Дэпутат Палаты Прадстаўнікоў, Уладзімір Шыцько, лічыць, што спярша трэба падвысіць пенсійны ўзрост для дзяржслужачых, як гэта плануецца ў Расеі. Дэпутат кажа, што на дзяржаўную службу прыймаюць, як правіла, дастаткова здаровых людзей. Яны працуюць у больш камфортных умовах чым у фабрыцы, у полі альбо на ферме. Увогуле, варта пачаць з сілавікоў, якія ўжо ў 40-45 гадоў становяцца пенсіянерамі, і часта дарабляюць да пенсіі працуючы пераважна ахоўнікамі. Уладзімір Шыцько лічыць, што выхад на пенсію павінен быць аднолькавы для мужчынаў і жанчынаў. Справа ў тым, што статыстычна жанчыны жывуць на 5-7 гадоў даўжэй за мужчын.
У цэлым, матэрыяльнае становішча беларусаў пагаршаецца. Паколькі гэта не цалкам залежыць ад яе самой, яна проста будзе вымушаная адтэрмінаваць выхад на пенсію. Гэта даўно зрабілі іншыя краіны, а беларусы з тае самай гліны.