Беларуска-польскі транзіт
Як паведаміла беларуская памежная служба, Беларусь становіцца ўсё больш папулярнай транзітнай краінай для ўцекачоў. Яны едуць цягніком з Берасця ў Тэрэспаль і там просяць палітычнага прытулку, аднак Польшча неахвоча і зрэдку дае магчымасць падаць заяўку на палітычны прытулак і пераважную большасць прыезджых адсылае назад у Беларусь.
Па словах польскіх памежнікаў, зараз усё цяжэй набыць квіток на ранні цягнік з Берасця ў першы горад на тэрыторыі Еўразвязу – Тэрэспаль. Раней цягнік налічваў 3-4 вагоны, затое цяпер – 8. Большасць пасажыраў складаюць жыхары Каўказу і Цэнтральнай Азіі. Паводле беларускай памежнай службы, за першыя 6 месяцаў бягучага году беларуска-польскую мяжу перасяклі 3600 тысяч чалавек. Падчас калі дробны, чаўночны гандаль скарачаецца, павялічваецца колькасць уцекачоў, якія цераз Беларусь хочуць патрапіць у Еўразвяз. Са студзеня па чэрвень у Тэрэспаль прыбыло 17 тысяч людзей, пераважна чачэнцаў, з намерам прасіць палітычны прытулак. Як паведаміў прэс-сакратар беларускай памежнай службы Аляксандар Цішчанка, беларускі бок не мае права пытацца ў прыезджых ці яны маюць шэнгенскія візы. У Беларусь свабодна могуць уехаць грамадзяне Расейскай Федэрацыі альбо Грузіі. Беларусь не мае ніякага ўплыву на тое, колькі людзей перасякае польскую мяжу з намерам атрымаць статус уцекача. Калі цягнік з Берасця прыбывае ў Тэрэспаль, праверка пасыжараў з візамі адбываецца хутка і спраўна, затое пасажыраў без візаў накіроўваюць у спецыяльнае памяшканне. Прыезджыя не маюць ніякай упэўненасці, што польскі бок накіруе іх у лагеры для ўцекачоў. Абсалютную большасць завяртаюць назад у Берасце. Некаторыя прадпрыймаюць такія спробы нават 30-40 разоў. Большыя шанцы на палітычны прытулак маюць сем’і з малымі дзецьмі, чым самотныя асобы, асабліва маладыя мужчыны. У параўнанні з мінулым годам, колькасць заявак на палітычны прытулак павялічылася ўдвая, да 4 тысяч за першыя 6 месяцаў.
Прыезджыя, пераважна з Чачэніі, неахвоча распавядаюць пра сітуацыю ў рэспубліцы, а калі і расказваюць, дык толькі ананімна. Яны кажуць, што сітуацыя ў Чачэніі – пагаршаецца, мала хто мае якую-небудзь працу. У рэспубліцы пануе палітычны тэрор, удушлівая атмасфера страху: ці не прыйдуць, не арыштуюць за даўнія грахі сваякоў, за ўдзел у антырасейскай вайне. Калі нехта задумаў з’ехаць за мяжу, ён прадае ўсю сваю маёмасць і спрабуе патрапіць у Еўропу. Асабліва, калі там ужо мае нейкага сваяка. Апошнім часам жыхароў Паўночнага Каўказу прыязджае болей, паколькі ходзяць чуткі, што Польшча цалкам перастане прыймаць уцекачоў. Тых, якія вяртаюцца ў Берасце не атрымаўшы нават папярэдняй згоды на права падаць заяўку на палітычны прытулак, вітаюць на вакзале берасьцейцы, прапануючы ім начлег і розныя паслугі. Калі здадуць кватэру адразу для некалькіх сем’яў, можна зарабіць за суткі 100 даляраў. Бываюць толькі скаргі на гоман з боку суседзяў, але гарадскія ўлады Берасця і міліцыя ігнаруюць такія скаргі. Яны зацікаўленыя ў тым, каб прыезджыя ізноў садзіліся ў цягнік у Тэрэспаль і усё ж з’ехалі ў Еўропу, каб не было з імі праблемы. Зрэшты, прымаючы ўцекачоў, палякі хочуць таго самага: каб яны паехалі далей, пераважна ў Нямеччыну. Асабліва, калі ў 2013 годзе ў ФРГ быў прыняты закон аб зраўнанні дапамогі па бяспрацоўі для прыезджых з бяспрацоўнымі немцамі.
За апошнія 15 гадоў Польшча прыняла каля 100 тысяч уцекачоў, пераважна чачэнцаў. Польшча прымала іх ахвоча як ахвяраў вайны з Расеяй. Аднак большасць з іх падалася далей – на Захад. У Польшчы іх засталося усяго 7-8 тысяч. Мне зрэдку здараецца бачыць чачэнцаў у аўтобусе альбо на вуліцы. Тое самае адбылося б і з імігрантамі з Сірыі, Іраку ці Афрыкі. Яны доўга не засталіся б у Польшчы. Па-першае, з прычыны непрыязнага стаўлення да іх з боку грамадства, а па-другое, з прычыны дрэнных, матэрыяльных умоваў. Адсюль узнікае пытанне: навошта уладам гэтак бараніцца ад уцекачоў, набываючы ў Еўразвязе рэпутацыю антыімігранцкай, ксэнафобскай краіны.