Брусельская перасцярога рэнегатам



Лідары Еўразвяза далі Вялікабрытаніі пэўны час на ўпарадкаванне ўнутраных справаў пасля рэферэндуму. Аднак яны настойваюць на тым, каб новы ўрад у Лондане як мага хутчэй прадставіў свае планы і намеры. Падчас саміту ў Бруселі прагучалі строгія заявы на адрас брытанцаў.

Цягам 4-х гадзін лідары ўсіх 28-мі краін, уключна з брытанскім прэм’ерам Кэмеранам, абмяркоўвалі магчымыя наступствы першага ў гісторыі выхаду краіны з Еўразвяза. Згодна з ранейшымі заявамі брытанскі прэм’ер Дэвід Кэмеран адзначыў, што запуск працэдуры выхаду краіны з Еўразвяза будзе ўжо належаць да новага кіраўніка ураду. Сёння, працы працягваліся ўжо без яго. “Усе разумеюць, што Лондан патрабуе трохі часу на свае справы, але адначасова чакаюць хуткага, далейшага кроку, фармальнага запуску працэсу “разводу”, задзейнічання 50-га артыкула “Трактату аб Еўразвязе”, заявіў старшыня Еўрапейскай Рады – Дональд Туск. Ён лічыць, што зацягванне такога падвешанага стану на неакрэслены час не мае сэнсу, бо гэта толькі павялічвае эканамічныя страты. Падобную думку выказаў і старшыня Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер. “Разумею, што Кэмеран, які быў супраць “Брэксіту” патрабуе часу на мэдытацыі, але не разумею, чаму не маюць ніякага плану прыхільнікі выхаду. У нас няма месяцаў часу на мэдытацыі”, заявіў Юнкер. Ён дадаў, што калі новым прэм’ерам стане еўраскептычны палітык, дык фармальную заяўку на выхад ён павінен падпісаць на другі дзень пасля свайго прызначэння. Дарэчы, выступаючы на сесіі Еўрапарламента Юнкер таксама заклікаў Лондан дзейнічаць без зацягвання. Ён адзначыў, што “волю брытанскага трэба паважаць”, чым выклікаў апладысменты ад лідара Партыі Незалежнасці Найджэла Фараджа, ключавога ўдзельніка кампаніі за “Брэксіт”. Бачучы такую рэакцыю старшыня Еўракамісіі з’едліва заявіў: “Я сапраўды здзіўлены, што вы яшчэ тут. Вы змагаецеся за выхад. Брытанскі народ прагаласаваў на карысць выхаду. Чаму вы яшчэ тут?”, – звярнуўся ён да Фараджа. Сапраўды, вельмі слушнае пытанне. Фараджу і яму падобным выпадала б адмовіцца ад цёплых пасадаў у структуры, якую яны ненавідзяць. Старшыня Еўрапейскай Рады таксама не шкадаваў іранічныз заўвагаў на адрас брытанцаў. “Нешта не падаецца, каб Вялікая Брытанія была добра падрыхтаваная на негатыўны сцэнар, гэта значыць на “Брэксіт”.

Падчас учорашняй сустрэчы гаворка пайшла і пра прычыны такога выніку рэферэндуму. На прэс-канферэнцыі пасля дэбатаў Кэмеран заявіў, што брытанцы ўлічвалі гаспадарчыя карысці ад сяброўства у Еўразвязе, аднак ім не падабалася немагчымасць праводжання самастойнай палітыкі ў галіне міграцыі. У той самы час, на асобнай прэс-канферэнцыі, Юнкер усклаў віну за рашэнне брытанцаў на прапаганду. “Калі ўвесь час паўтараеш, што ў Еўразвязе шмат дрэннага, што гэта занадта бюракратычная і тэхнакратычная структура, дык не здзіўляйся, што выбаршчыкі табе павераць”. Дональд Туск таксама прызнаў, што многім брытанцам не падабалася “шэнгенская зона”, але ці гэта падстава, каб перакрэсліваць нашы каштоўнасці і метады дзеяння?

Кэмеран заявіў, што Лондан хоча захаваць шчыльныя, прыязныя сувязі з Еўразвязам, і з асобнымі краінамі, у прыватнасці – гандлёвыя, але ў адказ пачуў, што даступ да еўрапейскага рынку трэба атрымаць шляхам перамоваў, як гэта зрабіла Нарвегія. Прэзідэнт Францыі Аланд заявіў, што Лондан не зможа карыстацца свабодным перамяшчэннем тавараў, паслугаў і капіталу, але адкідаючы чацвёрты прынцып – свабоднае перамяшчэнне людзей. “Альбо 4 свабоды, альбо ніводнай”, – дадаў ён.

У цэлым, саміт не прынёс ніякіх сенсацый. Ён толькі пацвердзіў, што еўрапейскія лідары паставілі крыжык на Вялікабрытаніі і патрабуюць ад яе хуткага выхаду. Складваецца ўражанне, што адначасова яны паслалі ясны сігнал усім еўраскептыкам: “глядзіце, што чакае тых, якім аб’яднаная Еўропа перастала падабацца”. Маўляў, многія брытанцы хацелі б даць задні ход, але гэта немагчыма. Значыць, перш чым выйсці з еўрапейскага дома, трэба добра падумаць.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ