Чаму Лукашэнка крытыкаваў Расею?
Цягам мінулых выходных у Беларусі і па-за яе межамі шырока абмяркоўвалася і каментавалася апошняя прэс-канфэрэнцыя Аляксандра Лукашэнкі для расейскіх журналістаў. Аглядальнікі губляюцца ў здагадках, чаму беларускі кіраўнік дазволіў сабе гэтулькі папрокаў і яўнай крытыкі на адрас Расеі?
Лукашэнка размаўляў з расейскімі журналістамі цягам больш як 5 гадзінаў. Звычайна, падчас падобных прэс-канфэрэнцыяў беларускі кіраўнік гаворыць пра беларуска-расейскую дружбу, славянскае братэрства, пра саюзную дзяржаву, крытыкуе Захад за яго палітыку санкцыяў і запэўнівае аб сваёй лаяльнасці ў дачыненні да Крамля. Аднак на прэс-канфэрэнцыі 17 кастрычніка крытычны на адрас Расеі тон выказванняў быў відавочны. Вось для прыкладу, пра Украіну ён сказаў наступнае: Майдан быў антыканстытуцыйны, кіраваны з-за мяжы, але ў чарговай, украінскай рэвалюцыі вінаваты былы прэзідэнт Віктар Януковіч, якому дала прытулак Расея. Крым, па словах беларускага кіраўніка, быў забраны Расеяй незаконна, бо за аддачу ядзернай зброю Расея абяцала Украіне гарантаваць яе тэрытарыяльную цэласнасць. Лукашэнка даў зразумець, што ён не ухваляе захопу Крыму гэтак як не прзнае аддзялення Абхазіі ад Грузіі. Адносна саабвешчаных рэпублік на Усходзе Украіны беларускі кіраўнік заявіў, што без расейскай падтрымкі іх даўно не было бы, хаця сама Расея не прызнае свайго ўдзелу ў канфлікце. Лукашэнка заявіў, што саюзная дзяржава расчароўвае беларусаў, бо Расея дыкрымінуе Беларусь у пытанні паставак нафты. Яна несправядліва папракае Беларусь у рэакспарце заходняй, сельскагаспадарчай прадукцыі. Таксама і ў пытанні ўзбраення Крэмль зусім не па саюзніцку прымушае Менск за усё плаціць. Не ўхваляе Лукашэнка і расейскі ціск на Малдову, ды ўвогуле, па яго словах, Масква сапраўды выяўляе імпэрскія амбіцыі. На пытанне, ці не баіцца беларускі кіраўнік пагрозы з боку ўсходняй суседкі Лукашэнка нагадаў, што няхай Расея хвалюцца за Бранск і Смаленск, бо ў мінулым яны належалі Беларусі. А ўвогуле, то Беларусь – незалежная краіна і калі нават НАТО прасоўваецца на Усход, то не да расейскай, але да беларускай мяжы.
Такія моцныя, крытычныя і нават антырасейскія словы Лукашэнкі шмат каго здзівілі і былі поўнай нечаканасцю. Насамрэч, ён і раней дазваляў сабе падобныя заявы, калі адчуваў пакрыўджаным Расеяй. Былі яўныя папрокі падчас розных, гандлёвых войнаў, было крыўдаванне, што Расея адмаўляе Беларусі ў крэдытах альбо большай колькасці таннай нафты. Беларускія аналітыкі згодныя ў тым, што гэта прадуманая тактыка, каб выбіць у Расеі як мага болей саступак ды ільготаў. Ён-жа не сказаў, што парывае супрацоўніцтва з Расеяй, што разрывае Еўразійскі Саюз, што павяртаецца тварам да Захаду. Наадварот, ён крытыкаваў Захад і запэўніў, што гатовы разам з Пуцінам адбівацца нават ад усяго свету.
З другога боку беларускі кіраўнік напэўна адчувае, што рэзка пагоршыўся імдж Расеі на міжнароднай арэне. На фоне непрадказальнага Пуціна ён хоча паказаць сябе значна лепшым, памяркоўным, стрыманым. Ён на нікога не нападае і не ўхваляе зменаў межаў. У пэўных справах ён умее дыястанцыявацца ад Пуціна і праводзіць далёка не рабалепную палітыку.
У цэлым складваецца уражанне, што ўсе выказванні Лукашэнкі былі ў большай ступені накіраваныя да беларускага, чым расейскага слухача. Ён ведае, колькі крытыкі можа сабе дазволіць на адрас Крамля і дзе мяжа дапушчальнага. Скаргамі, крыўдаваннем і нават крытыкай ён хоча выбіць у Расеі яшчэ больш дабротаў. У Крамлі павінны разумець, што дружба з боку беларусаў не бяскарыслівая. За яе трэба плаціць. Апроч таго, набліжаюцца прэзідэнцкія выбары і Лукашэнка хоча чарговы раз паказаць свайму электарату, як ён умее адстойваць нацыянальныя інтарэсы і як ён рупіцца пра краіну. Ніхто лепш за яго не падбае пра народнае дабро. Вось такі асноўны пасыл прагучэў і падчас згаданай прэс-канфэрэнцыі і можна быць упэўненым, што ён спрацуе.