Да 30-й гадавіны «Чарнобыля»
Сёння грамадскасць Беларусі адзначае надзвычай сумную, круглую дату: дакладна 30 гадоў таму адбылася катастрофа на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. АЭС знаходзіцца на тэрыторыі Украіны, 150 кіламетраў ад Кіева, 18 кіламетраў ад горада Чарнобыль і усяго 16 кіламетраў ад мяжы з Беларусі. Менавіта Беларусь, з ліку многіх краін, найболей пацярпела у выніку аварыі і надалей адчувае яе наступствы.
З Чарнобылем Беларусі яўна не пашанцавала. На тэрыторыі рэспублікі у той час не было ніводнай АЭС, аднак, з прычыны неспрыяльных вятроў, найвялікшая колькасць радыяцыі выпала на тэрыторыю Гомельскай і Магілёўскай абласцей. Пра лічбы датычныя забруджанасці навакольнага асяроддзя, пра колькасць адселеных людзей, пра тых, якія захварэлі у выніку апрамянення, паведамлялася ужо не раз, і усе звесткі пра гэта — даступныя. У любым выпадку, гэта была найвялікшая тэхнагенная катастрофа за усю гісторыю: у той ці іншай ступені у выніку яе пацярпелі больш за 8 мільёнаў чалавек.
З найноўшых дадзеных хачу узгадаць, што паводле дзяржаўных СМІ, досвед Беларусі па ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, высока ацанілі японскія спецыялісты. Яны ужо пару гадоў займаюцца ліквідацыяй наступстваў катастрофы на АЭС у Фукусіме. Аказваецца, што Японія набывае ў Беларусі вялікую колькасць прыладаў для вымярэння ўзроўню радыяцыі. Як паведамлялася у эфіры тэлеканалу «Беларусь -1», калі б Беларусь валодала адпаведнымі сродкамі, яна лепей справілася б з наступствамі катастрофы. Аднак і так ліквідацыя наступстваў аварыі на тэрыторыі суседняй рэспублікі абышлася Беларусі у 250 мільярдаў даляраў. Такую лічбу назваў расейскі вучоны Аляксей Яблакаў падчас міжнароднай канферэнцыі «Чарнобыль +30» 24 красавіка у Менску. Форум быў арганізаваны экалагічным таварыствам «Зялёная сетка» пры падтрымцы кіеўскага філіялу Фонду Генрыха Бэля (ФРГ) , Сусветнай асацыяцыі ветра-энергетыкі і Еўрапейскай партыі зялёных. «Беларусь магла б жыць непараўнальна лепш, калі б не Чарнобыль, гэта была б іншая краіна, развітая Еўрапейская краіна, — сказаў навуковец. Аднак, па ягоных словах, трэба было падтрымліваць людзей, перасяляць, будаваць нанова, але калі б не чарнобыльская трагедыя, усяго гэтага можна было не рабіць, пакінуць грошы Беларусі, і жыццё было б іншае». Яблакаў адзначыў, што у выніку катастрофы з Беларусі эмігравала 15% насельніцтва, пры чым самых актыўных, творчых і таленавітых людзей. Яблакаў адзначыў, што вялікія тэрыторыі забруджаных лясоў, палёў і рэк застануцца як мінімум яшчэ цягам 40 гадоў. Расейскі вучоны з прыкрасцю адзначыў, што увага да ахвяр катастрофы змяншаецца як з боку дзяржавы так і вучоных. Міжнародная экалагічная арганізацыя «Greenpeace» заклікала прэзідэнтаў Беларусі, Расеі і Украіны не скарачаць сацыяльную падтрымку людзей, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Пра гэта на згаданай міжнароднай канферэнцыі «Чарнобыль +30» ў Мінску паведаміў кіраўнік энергетычнай праграмы «Грынпісу» Рашыд Аліеў.
Сёння у Беларусі пройдзе безліч афіцыйных і неафіцыйных мерапрыемстваў прысвечаных гадавіне чарнобыльскай трагедыі. Аднак, час няўмольна бяжыць і паступова залечваюцца найбольш балючыя раны. Радыяцыя забівае памалу, таму многія вярнуліся альбо хочуць вярнуцца у адселеную зону, бо памерці там яны могуць ад цалкам банальнай прычыны, затое на роднай зямлі. У выніку Чарнобыля многія краіны адмаўляюцца ад атамнай энергіі, аднак нельга не улічваць і такі вось факт: у свеце дзейнічаюць прыблізна 2 тысячы атамных рэактараў даючы неверагодна вялікую колькасць энергіі, а катастрофаў здарылася усяго некалькі. Гэта таксама пераканаўчы, эканамічны аргумент.