Далоў французскі сыр з цвіллю
Радыкальны крок расейскіх уладаў, каб знішчаць прадукты імпартаваныя насуперак санкцыям з боку уладаў, выклікалі негатыўную рэакцыю з боку расейцаў і нават афіцыйны пратэст у выглядзе петыцыі на адрас прэзідэнта Уладзіміра Пуціна.
Міжнародныя санкцыі супраць Расеі былі ўведзены ў адказ на яе агрэсіўную палітыку ў дачыненні да Украіны, у прыватнасці за анексію Крыму. Яны тычацца тых асоб і галінаў прамысловасці, якія маюць непасрэдны ўплыў на ваяўнічыя дзеянні Расеі. Гэта фінансавы, вайсковы і энергетычныя сектары, а таксама алігархі набліжаныя да Крамля. Расея адказала самымі дурнымі контр-санкцыямі, якія можна прыдумаць: не будзем імпартаваць вашага мяса, рыбы, садавіны і гародніны. Маўляў, ударым па вашых фермерах, а тыя ўдараныя па кішэнях паўплываюць на сваіх палітыкаў. Часткова, расейскія ўлады адгадалі рэакцыю сваіх падданых. Грамадзяне прынялі з чыстую манету абяцанне,што вось абыйдземся без заходніх прадуктаў, будзем падтрымліваць айчынных вытворцаў. Хай лепш развіваецца айчынная сельская гаспадарка, замест падтрымліваць польскіх ці французскіх фермераў. Цягам мінулага года, слова “імпартазамяшчэнне” стала ледзь не самым папулярным зваротам, як у свой час “таварыш”, альбо “камунізм”.
Цяпер, у сваёй заўзятай дурноце расейскія ўлады пераўзыйшлі саміх сябе. Міністр сельскай гаспадаркі Расеі Аляксандр Ткачоў заявіў, што санкцыйная прадукцыя, як след, сумнеўнай якасці. „Мы не можам дазволіць, каб яна пастаўлялася ў крамы. Мы не можам рызыкаваць здароў’ем нашых грамадзян”, – заявіў Ткачоў. Вось таму, па словах міністра, іх не толькі нельга пускаць у Расею, але і трэба знішчаць. Па словах Ткачова, знішчэнне санкцыйных прадуктаў адпавядае сусветнай практыцы. „Калі ты парушыў закон, калі гэта кантрабанда, гэта павінна падлягаць знішчэнню”, – заявіў ён. Пры гэтым, ён патлумачыў, што забароненыя прадукты нельга раздаць маламаёмасным расейцам, бо размеркаванне можа паспрыяць карупцыі. Гэтак ён адрэагаваў на петыцыю, якую падпісалі 280 тысяч расейцаў, якія палічылі, што заміж знішчаць, лепей раздаць прадукты бедным. Зрэшты, прэс-сакратар прэзідэнта Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што ў Крамлі петыцыю „прымуць да ўвагі”. Пры гэтым ён заявіў, што петыцыя пакуль не правераная і ўлады сумняюцца наконт аўтэнтычнасці подпісаў. Пяскоў, гэтак як і міністр сельскай гаспадаркі заявіў, што прыймаючы рашэнне пра знішчэнні забароненых прадуктаў, Расея абараняе свае эканамічныя інтарэсы, а галоўнае – рупіцца пра здароў’е сваіх грамадзян.
Тут, як гаворыцца, камусьці „крыша паехала”. Знішчаць прадукты, якія з асалодай ядуць патрабавальныя ў сэнсе кухні французы ці італьянцы і казаць, што яны шкодныя для здароў’я расейцаў, гэта поўная бязглуздзіца. З палітычных меркаванняў можна заявіць, што мы канфіскуем сыр, бо лічым яго кантрабандай. У рамках сваёй палітыкі, краіна мае права не пусціць на сваю тэрыторыю ўсё, што заўгодна. Да імпарту сыру ці мяса можна паставіцца як да кантрабанды наркотыкаў ці тытуню, толькі няхай міністр сельскай гаспадаркі не кажа, што што французскі сыр раптам стаў шкодны для далікатных страўнікаў расейцаў. Польскія яблыкі, італьянскія аліўкі, нарвежскі ласось і мноства іншых рэчаў, гэта тое, чаго змаглі пакаштаваць расейцы дзякуючы сваёй нафце і газу. Цяпер няхай з патрыятычных меркаваньняў ядуць сваю гнілую бульбу і грэчку, бо ж галоўнае „Крым-наш”.