Дапамажыце Украіне хаця б абараніцца
Разам з набліжэннем канца чарговага тэрміну санкцыяў супраць Расеі, паўстае пытанне: а што далей? Канцлер Нямеччыны Ангела Меркель лічыць, што падоўжыць санкцыі ў цяперашнім выглядзе будзе цяжка па прычыне нежадання некаторых краін. Затое існуе магчымасць такой дапамогі Украіне, каб яна сама магла сябе абараніць ад расейскай агрэсіі.
Заўважнае нежаданне падоўжыць санкцыі ў цяперашнім выглядзе выяўляюць найперш: Грэцыя, Італія, Вугоршчына, а таксама Нямеччына, хаця б у асобе віцэ-канцлера і міністра гаспадаркі Зігмара Габрыеля. Ён называе канфлікт ва Украіне «грамадзянскай вайной», як быццам гэта самі ўкраінцы ваююць паміж сабой. Па словах украінскага амбасадара ў Нямеччыне Андрэя Мельніка: «Такія выказванні ўспрымаюцца многімі ўкраінцамі як крыўдныя і несправядлівыя… Ці гэта напэўна пазіцыя нямецкага ўраду? Расея не толькі кіруе сваімі марыянеткамі ў Данецку і Луганску, пастаўляючы ўзбраенне і аплачваючы іх, але і пасылае туды проста сваіх салдат і наёмнікаў,» —заявіў пасол.
Вось па прычыне такіх «карысных ідыётаў» як Зігмар Габрыель, як гэта дастаткова трапна медыя ахрысцілі ўсіх падобных палітыкаў, Пуцін перамагае. Ён абдурыў, падкупіў альбо проста напужаў гэтулькі заходніх палітыкаў, што можа разваліцца не толькі ўся сістэма санкцыяў, але і еўрапейская салідарнасць. Адзін выйграе супраць 28-мі. Гэты факт сам па сабе цікавы як кур’ёз.
Вось таму і з’яўляюцца альтэрнатыўныя ідэі. «Паколькі Пуцін гатовы весці вайну супраць Украіны перачакаўшы любыя санкцыі, дык трэба падумаць над стратэгіяй пасля санкцыяў» — піша варшаўскі карэспандэнт шматтыражнай нямецкай газеты «Frankfurter Allgemeine Zeitung», Конрад Шылер. На яго думку можна зрабіць так: заміж аслабляць Расею, Захад павінен умацаваць Украіну не толькі палітычна і эканамічна, але і ў ваенным сэнсе пастаўляючы ёй сучасную абарончую зброю. Праўда, ён прызнае, што не існуе цалкам «абарончай» зброі, але Украіна ніколі не будзе атакаваць расейскага, атамнага гіганта. Такой дапамогай могуць быць супрацьтанкавыя ракеты ці радарныя сістэмы супраць арт-абстрэлаў. На думку нямецкага аглядальніка, у Данбасе атрымаўся поўны дысбаланс сілы. Паводле інфармацыі НАТО, на тэрыторыі ўсходняй Украіны ўжо знаходзяцца два армейскія корпусы ў складзе 35 тысяч расейскіх салдат, а трэці фармуецца ў Растоўскай вобласці. Акрамя гэтага ў Данбасе знаходзіцца 60 тысяч расейскіх добраахвотнікаў альбо наёмнікаў. Такі расклад сілаў — піша «FAZ» —, дае Расеі магчымасць перайсці ад замарожанага канфлікту да адкрытай вайны, калі толькі ўлады ў Маскве палічаць гэта мэтазгодным. «Пастаянна канфлікт адпужвае інвестараў, вядзе да збяднення краіны і штурхае да папулізму…. не цяжка ўявіць сабе такую сітуацыю, калі Расея без асаблівай рызыкі зноў ўцягне блізкую краху Украіну ў сваю арбіту ўплываў» — папярэджвае Конрад Шылер. Ён лічыць, што бясконцыя заявы пра тое, што «няма магчымасці сілавой развязкі канфлікту» Пуцін успрымае як «зялёнае святло» да агрэсіі. Паводле «FAZ» Украіна абавязкова мусіць рэфармаваць і мадэрнізаваць сваю армію. Дзеля гэтага Захад, які ня ўмее альбо не хоча абараніць яе ад агрэсара, павінен прынамсі паставіць ёй супраць танкавыя сістэмы, дроны, камунікацыйныя і радарныя сістэмы, бо чатыры амерыканскія супраць артылерыйскія ўстаноўкі гэта мала, каб утрымаць кантроль над 500 кіламетрамі мяжы.
Мая асабістая пазіцыя ў дадзеным пытанні даволі ясная. Я заўсёды стаю на баку слабейшага. На баку таго, каго атакуюць, а не на баку агрэсара. Хай Расея нарэшце зразумее, што «насільна мілы не будзеш». Лепш хай яна зоймецца захаваннем і ўпарадкаваннем таго, што дагэтуль заваявала, бо сапраўдная, гістарычная «Масковія», гэта княства не большае за Беларусь, а Русь — гэта «Кіеўская Русь».