“Дуб свабоды”



На святой Гары Грабарцы завяршыліся ўрачыстасці з нагоды свята Прэабражэння Гасподняга. Cёлетнія ўрачыстасці прайшлі ў асабліва ўрачыстай атмасферы. Побач з афіцыйнымі прадстаўнікамі на чале з прэзідэнтам Браніславам Камароўскім у іх прынялі ўдзел афонскія манахі, якія прывезлі ў Польшчу мошчы святой Марыі Магдаліны.

На Грабарку штогод прыбываюць пешыя пілігрымкі з Падляшша ды іншых рэгіёнаў краіны. Гэта месца называюць “праваслаўнай Чанстаховай” прыцягвае вернікаў ужо на працягу 300 гадоў. Выгляд жаночага манастыра святых Марты і Марыі заўважна змяніўся за апошнія 10-15 гадоў. На месцы спаленай царквы пабудавана новая. З’явіліся новыя манастырскія будынкі. Тэрыторыя манастыра абгароджана каменным мурам, упарадкаваная. Пілігрымы традыцыйна прыносяць сюды з сабой крыжы, якія ўстанаўліваюць на гары. Багаслужбы пачаліся ў панядзелак па палудні і працягваліся ўсю ноч. Вернікі мелі магчымасць прыняць удзел у некалькіх начных багаслужбах. Многіх прывабілі сёлета мошчы святой роўнаапостальнай Марыі Магдаліны і частка Крыжа Гасподняга, якія прывезлі ў Польшчу манахі з афонскага манастыра Сымона Пятра. Мошчы ўжо пабывалі ў некалькіх месцах Падляшша і сёння, 20 жніўня, выстаўлены для пакланення ў Саборы святога Мікалая ў Беластоку.

Сёлета на Грабарку ўжо не ў першы раз прыбыў прэзідэнт Браніслаў Камароўскі з жонкай. Былі прадстаўнікі падляшскіх уладаў: ваявода Мацей Жыўна, намеснік падляшскага маршалка Валянцін Карыцкі, намеснік прэзідэнта Беластока Адам Палінскі і сямятыцкі стараста Мікалай Мантур. Апроч мясцовых іерархаў былі прысутныя госці з Беларусі і ЗША: епіскап бабруйскі і быхаўскі Серафім і епіскап Нью-Ёрку і Нью-Джэрсі Майкл. Падчас галоўнай святочнай Літургіі прамовіў прэзідэнт Камароўскі, які згадаў свае прыезды ў гэтае месца, афіцыйныя і прыватныя. “Я тут заўсёды маліўся. Таксама і за пераадоленне розніцаў, якія дзеляць нас… Я перакананы, што ў гэтым асаблівым месцы лягчэй не толькі маліцца, але і дзейнічаць”, – сказаў прэзідэнт. Ён добра памятае, якую высокую падтрымку ён атрымаў ад жыхароў Падляшшы на прэзідэнцкіх выбарах. Мітрапаліт Сава ўручыў прэзідэнту падарунак: чырвонае яйка з Іконай Багародзіцы, што з’яўляецца гістарычнай паралеллю з яйкам уручаным Марыяй Магдалінай рымскаму імператару. Іерарх прыгадаў, што сёлета споўнілася 25 гадоў з часу першых паўсвабодных выбараў у Польшчы і палітычнай трансфармацыі. Галоўнай падзеяй з царкоўнага жыцця за мінулае чвэрць стагодздзя ён назваў падпісанне 23 гады таму дакумента аб адносінах Праваслаўнай Царквы і дзяржавы. Мітрапаліт падкрэсліў значэнне хрысціянскіх каштоўнасцяў у сучасным свеце. “Яны служаць адраджэнню духоўнасці і хрысціянскай надзеі. Як хрыстовыя вучні мы безупынна нагадваем, што секулярызацыя не служыць дабру свету”, – адзначыў іерарх. Пасля Святой Літургіі, малебну і шэсця вакол храму Мітрапаліт Сава і прэзідэнт Камароўскі пасадзілі каля могілак непадалёк ад Дома пілігрыма “дуб свабоды”. Гэта прэзідэнцкая ініцыятыва звязаная з увекавечаннем 25-годдзя паўторнага аднаўлення незалежнасці краіны.

Характар сёлетніх урачыстасцяў на Грабарцы добра адлюстроўваюць той прагрэс, якія адбыўся за мінулыя 25 гадоў у жыцці Царквы і дзяржавы. Нармальнымі, прыязнымі сталі адносіны паміж імі. Бадай ніколі раней праваслаўныя жыхары Падляшшы не адчувалі сябе так камфортна, без комплексаў непаўнавартаснасці, гэта ўтульна і бяспечна, як з часу краху камунізму. Усе матэрыяльныя і духоўныя змены, якія адбыліся за гэты час – навідавоку. Гэта заўважны, цывілізацыйны скачок Падляшша і адначасова традыцыйная набожнасць, якая выяўляецца ў папулярнасці пілігрымак да гэтай санктуарыі. Хацелася б, каб такое прэабражэнне працягвалася і ў наступныя гады.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ