Двайная «пяючая душа»



Сёння, інаўгурацыйным канцэртам, у Беластоцкай Філармоніі пачынаецца XXXV «Міжнародны Фестываль Царкоунай Музыкі». Як паведаміў ініцыятар і нязменны дырэктар Фестывалю Мікола Бушко, юбілейны Фестываль «пяючай душы» адкрыюць леташнія лаўрэаты: Хор Медычнага Універсітэту у Беластоку і Нацыянальны Хор Радыё Украіны. Ён выканае канцэрт пад назвай «Царкоуная музыка ад вытокаў да сучаснасці».

Трэба адзначыць, што літаральна у суботу завяршыўся паралельны, больш сціплы міжнародны фестываль «Гайнаўскія Дні Царкоунай Музыкі». Ён працягваўся цягам усяго мінулага тыдня. У ім прынялі удзел 29 хораў, пераважна парафіяльных з Польшчы, але былі таксама хоры з Беларусі, Расеі, Украіны, Малдовы, Эстоніі і Францыі. Галоўную ўзнагароду атрымаў Акадэмічны Хор Студэнтаў Харкаўскай Дзяржаўнай Акадэміі Культуры. Гэты Фестываль штогод адбываецца у Саборы Святой Тройцы у Гайнаўцы, а яго дырэктарам з’яўляецца а. Мітрафорны пратаярэй Міхаіл Негерэвіч.

На наступны тыдзень, каб не было супадзення у часе, адбыўся блізняцкі Міжнародны Фестываль Царкоўнай Музыкі пад кіраўніцтвам Мікалая Бушкі. У 81-м годзе, ён разам з айцом Міхаілам запачаткавалі фестываль, які з агляду дзесятка парафіяльных хораў ператварыўся у Міжнародны Фестываль. Да 2003 году гэта было адно мерапрыемства, аднак 13 гадоў таму яго падзялілі на два. Паводле адмыслоўцаў, «Гайнаўскія дні царкоўнай музыкі» маюць больш царкоўны, але і больш сціплы характар. Затое другі з мянушкай «свецкага» адбываецца ужо не у гайнаўскім Саборы, але у беластоцкай Філармоніі. Затое, як кажуць знаўцы музыкі, ён прадстаўляе вышэйшы, мастацкі узровень і вышэйшы ранг у музычным свеце. У сёлетнім Фестывалі прымуць удзел 35 хораў з 16-ці краін і некалькіх кантынентаў: Аўстраліі, Беларусі, Балгары, Эстоніі, Грэцыі, Літвы, Латвіі, Польшчы, Македоніі, Расеі, Румыніі, Сербіі, Славаччыны, Украіны, Вугоршчыны. Упершыню будзе хор з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Конкурсныя слуханні будуць праходзіць з чацьвяргу 19 траўня да суботы 21 траўня. Бадай самым экзатычным у геаграфічна-культурным сэнсе будзе выступленне Хору Праваслаўнага Сабору «святога Фамы» з Арабскага Паўвостраву, Аб′яднаных Арабскіх Эміратаў. Найдаўжэйшую дарогу ў Беласток будзе мець хор Аўстралійска-Новазеландкай епархіі з Сіднея. Традыцыйна, журы на чале з праф.Рамуальдам Твардоўскім і айцом Юрыя Шурбакам будзе ацэньваць хоры паводле некалькіх катэгорыяў: дзіцячыя і моладзевыя, парафіяльныя, хоры музычных вучэльняў і прафесійныя хоры. Гэты падзел абсалютна абгрунтаваны, бо аматарскі, вясковы, парафіяльны хор як правіла не можа раўняцца з прафесійным хорам.

Што тычыцца Беларусі, дык яе будуць прадстаўляць: Хор «Прэабражэнне» з Барысава, Хор «Cantus Juwentus» Дзяржаўнага Лінгвістычнага Універсітэту ў Менску, узорны хор хлопцаў са Светлагорску, хор Дзяржаўнага музычнага каледжа з Гародні і Дзяржаўны камерны хор з Менску.

Шчыра кажучы, я радуюся найперш тым, што запачаткаваны 35 гадоў таму сціплы агляд парафіяльных, вясковых хораў ператварыўся у два вялікія, прэстыжныя міжнародныя фестывалі. Калі нават яны трохі спаборнічаюць паміж сабою за датацыі, за патранаты, калі яны і сталі вынікам расколу, што само ў сабе негатыўная з’ява, дык усё роўна абодва выконваюць вельмі станоўчую, місіянерскую ролю: яны прапагандуць і пашыраюць у свеце адну з галоўных адметнасцяў Праваслаўя, чароўныя, захапляльныя, прыгожыя царкоўныя спевы, якія шмат каму у свеце адкрылі вочы на само Праваслаўе. Прызнайце, што два місіянеры, гэта не адзін.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ