Двайное нараджэнне Хрыстовае



У мінулыя выходныя пераважная большасць хрысціян ва ўсім свеце адсвяткавала Раство Хрыстовае. Аднак частка праваслаўных і грэка-каталікоў будуць святкаваць Каляды 7 студзеня, і гэты разнабой чарговы раз выклікаў дыспуты наконт мэтазгоднасці пераходу на адну дату святкавання гэтага свята.

Пытанне даты святкавання Калядаў узняў у прыватнасці Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны (РНБА) Украіны – Аляксандр Турчынаў.  «Можа ўжо прыйшоў час і ва Украіне перайсці на святкаванне Раства 25 снежня разам з большасцю цывілізаваных краін? – напісаў ён на сваім асабістым сайце. Аднак ён тут жа дадаў, што гэтае пытанне павінна вырашаць у першую чаргу Рада хрысціянскіх цэркваў Украіны. Турчынаў слушна заўважыў, што ў Бібліі дата нараджэння Ісуса Хрыста не ўказаная. Аднак ён памыляецца, што рашэнне святкаваць Раство Хрыстовае было прынятае на Саборы ў Эфэзе ў 431-м годзе.  25 снежня святкавалася Нараджэнне Хрыста значна раней, аднак у розных цэрквах па рознаму. Адну з прычынаў выбару якраз гэтай даты назваў у сваё кнізе “ Дух літургіі” адстаўны Папа Бенедыкт XVI. Акрамя замены паганскага свята ў гонар Сонца ён назваў іншую акалічнасць. У юдэйскай традыцыі 25 сакавіка лічыўся днём стварэння свету. У сувязі з гэтым першыя хрысціяне пачалі святкаваць у гэты дзень зачацце Ісуса Хрыста (свята Дабравесця) і пакутніцкай смерці Хрыста. Калі ад зачацця дадаць 9 месяцаў, Раство выпадала святкаваць 25 снежня.

Аднак корпацца ў гісторыі замацавання даты Раства Хрыстовага занадта складаная справа. Лепш проста прызнаць факт, што абсалютная большасць хрысціян святкуюць гэтую падзею 25 снежня. Разам з каталікамі і пратэстантамі святкуе таксама большасць аўтакефальных і аўтаномных цэркваў. Затое юльянскаму календару застаюцца верныя, у прыватнасці Руская, Сербская, Грузінская і Ерусалімская, цэрквы. Паколькі да Маскоўскага Патрыярхату належыць Беларуская і Украінская цэрквы, дык самі яны без дазволу Масквы нічога не могуць зрабіць. Затое ў Маскве баяцца чапаць гэтае пытанне, каб пазбегнуць расколу па каляндарнаму пытанню, як гэта адбылося ў Грэцыі. З другога боку, пераходзячы на 25 снежня, праваслаўныя не пераходзяць на грыгарыянскі каляндар, але на нэа-юльянскі, распрацаваны ў 1923 годзе сербам Мілуцінам Міланковічам. Чамусьці ў праваслаўным свеце гэты факт мала вядомы, а яго якраз варта моцна падкрэсліваць, каб супакоіць тых, якія не хочуць саступаць католікам і прызнаць ім слушасць.

Я асабіста не лічу праблему календара галоўнай і прынцыпова важнай. Адносна нараджэння Хрыста невядомы не толькі дзень, але нават і год. Затое тая блытаніна і разнабой у святкаванні Калядаў падаюцца анахранічнымі і непатрэбнымі. Ясна, што ўказам нельга разбураць даўнюю традыцыю, але варта тлумачыць людзям, што пісаць у календары дзве даты, што Раство Хрыстовае прыпадае на 25 снежня, але святкаваць яго трэба 7 студзеня, гэта недарэчна. Гэта нешта накштал Маякоўскага “гаворым Ленін – падразумеваем партыя, гаворым партыя – падразумеваем Ленін”. Цалкам недарэчнае захоўванне Калядаў паводле юльянскага календара ў Расеі. Зянон Пазьняк слушна кажа, што „бальшавікі прыдумалі Дзеда Мароза замест Святога Мікалая і стварылі культ Новага году заміж Калядаў”. За два тыдні да Новага Году ўся Расея ўжо жыве Новым Годам. На усіх тэлеканалах ніводнай згадкі пра Каляды. Навагодняя ёлка, навагоднія падарункі, навагоднія стравы. Які сэнс мае перадкалядны пост, калі яму папярэднічае важнейшае для расейцаў свята – Новы Год з яго абжорствам,  п’янствам і забавамі? Калі ўжо савецкая традыцыя аказалася такой жывучай і прывабнай для расейцаў і праваслаўных на пост-савецкай прасторы, дык Рускай Царкве, як ніякай іншай у свеце павінна залежаць, каб адсьвяткаваць Раство Хрыстовае да пачатку гэтай вакханаліі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ