Дзяржаўная ідэалогія. Але якая яна?
У рамках так званай «дэбюракратызацыі», «аптымізацыі» і «узмацнення дысцыпліны» Аляксандр Лукашэнка выставіў шэраг патрабаванняў да супрацоўнікаў сваёй адміністрацыі. Пра свае прэтэнзіі і спадзяванні ён заявіў у панядзелак, 6 лютага, падчас нарады прысвечанай працы сваёй Адміністрацыі.
Адміністрацыя прэзідэнта Беларусі, гэта рэальны ўрад і парламент у адным. Адсюль выходзіць пераважная большасць законапраектаў: больш як 7,5 тысяч у год і каля 3 тысяч нарматыўных актаў. Іх вялізная колькасць цягне за сабою неякаснасьць. Таму 40% найбольш бязглуздых законапраектаў вымушаныя пераглядаць эксперты з Міністэрства Юстыцыі. Гэта прызнаў намеснік міністра юстыцыі Сяргей Задзіран. Самы гучны законапраект: пра «дармаедаў», які праўдападобна будзе адменены. Як заўсёды, сам беларускі кіраўнік зніме з сябе ўсялякую віну і ўскладзе яе на сваіх падначаленых.
Аднак, падчас апошняй нарады са сваімі памочнікамі, беларускі кіраўнік мала гаварыў пра законы, а болей пра бюракратыю і дысцыпліну працы. Лукашэнка заявіў, што чыноўнікі павінны імгненна, без аніякай цяганіны, рэагаваць на ўсе сітуацыі і скаргі датычныя палітыкі, эканомікі і сацыяльнай сферы. Ён выказаўся за павышэнне ролі непасрэдных памочнікаў прэзідэнта ў рэгіёнах. Яны маюць пра ўсё дакладваць прэзідэнту цераз кіраўніка Адміністрацыі Мікалая Корбута. «Увогуле, задачы трэба выконваць хутка, якасна, без цяганіны і лішніх папераў патрабуючы таго ж ад усёй вертыкалі ўлады… Прынята рашэнне Прэзідэнтам, або ў сферы вашых паўнамоцтваў, — яно павінна няўхільна выконвацца. Толькі так мы можам захаваць кіруемасць у дзяржаве», — заявіў Лукашэнка.
У час нарады кіраўнік дзяржавы падкрэсліў значнасць яшчэ аднаго: ідэалагічнай працы ў дзяржаве. «Трэба ўдасканальваць нацыянальную ідэалогію. Гэта адна з галоўных умоў стабільнасці ў грамадстве і аснова для далейшага развіцця. Трэба адмовіцца ад усяго паказушнага і надуманага аснаванага на досведзе савецкіх часоў, калі ўсё гэта скацілася на рэйкі фармалізму і дзікай бюракратыі…ідэалагічны работнік павінен валодаць не толькі ведамі, але і адмысловымі асабістымі якасцямі, харызмай, без якой немагчыма што-небудзь данесці да людзей і паўплываць на іх свядомасць», — павучыў кіраўнік дзяржавы. Ён дадаў, што ў ідэалагічнай працы неабходна дзейнічаць паводле прынцыпу «лепш менш, але лепш» і што «фармалізму быць не павінна».
Мяне цалкам не хвалюе лёс чыноўнікаў звольненых з адміністрацыі прэзідэнта ў выніку скарачэнняў, так званай «аптымізацыі» ці «дэбюракратызацыі». Яны не стануць бамжамі. Імгненна ўладкуюцца і бы тая котка заўсёды ўпадуць на чатыры лапы. Мяне насцярожвае паняцце «ідэалогіі». Ідэя, гэта нешта нейтральнае. Яна можа быць слушнай ці памылковай, добрай альбо дрэннай. Аднак ідэалогія, гэта ідэя, выказаная ў слове, законе, адзінай праўдзе пэўнай групы якая навязваецца ў якасці абавязковай усім астатнім. Нацызм, камунізм, лібералізм і многае іншае, гэта наступствы тае адзінай праўды, будучы перакананымі ў яе слушнасці, адны навязваліся яе ўсім астатнім.
У Расеі, з канца XIX стагоддзя сфармавалася нацыянальная ідэя ў выглядзе трох неразлучных паняццяў: Праваслаўе, самадзяржаўе і народнасць. Правільна ці няправільна, але гэта была, прынамсі, нейкая, нацыянальная ідэя. А якая яна ў сучаснай Беларусі? Можа спярша варта яе назваць, акрэсліць? Інакш, пра патрабаванні да ідэалагічных работнікаў няма сэнсу трапаць языком.