Эрдаган едзе да Пуціна



Расея неўзабаве можа прыдбаць сабе вялікага саюзніка. Заўтра, 9 жніўня, у Санкт-Пецярбургу прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган сустрэнецца з Уладзімірам Пуцінам, каб размаўляць аб нармалізацыі адносінаў і сітуацыі ў Сірыі. Пацяпленне на лініі Масква-Анкара супала з пагаршэннем турэцка-еўрапэйскіх адносінаў.

“Гэта будзе гістарычны візіт, новы пачатак. Падчас размоваў з маім сябрам-Пуцінам, як мяркую, будзе адкрыты новы раздзел у двубаковых адносінах. Нашы краіны разам могуць многае зрабіць,” – заявіў Эрдаган. Па яго словах, “толькі ў супрацы з Расеяй мы можам урэгуляваць крызіс у Сірыі,” – дадаў турэцкі прэзідэнт. Пры гэтым ён папракнуў Еўразвяз, што той не выконвае сваіх абавязацельстваў перад Анкарой “і водзіць яе за нос цягам 53-х гадоў”. “Мы метадычна даказваем сваю сумленнасць і таго самага чакаем ад Еўразвязу… Ён павінен адыйсці ад палітыкі двайных стандартаў,” – заявіў Эрдаган.

У міжчасе нямецкія палітыкі ўсё мацней ціснуць на Ангелю Меркель, каб яна больш войстра асудзіла жорсткія рэпрэсіі ў Турцыі пасля няўдалага путчу. Канцлер апынулася ў вельмі клапатлівай сітуацыі: яна асудзіла чысткі ў Турцыі, але не хоча зрыву дамовы з Анкарой у справе рэадмісіі ўцекачоў. “Мы не можам маўчаць, калі чуем пра катаванні ў турэцкіх турмах. Трэба паслаць у Турцыю следчую камісію,” – заявіла дэпутатака турэцкага паходжання, камісар у справах інтэграцыі ў фракцыі Ангелы Меркель – Чэміль Гюсуф. Аднак яна дадала, што “Еўропе дзеля яе бяспекі патрэбнае турэцкае сяброўства”.

Усё глыбейшы падзел у турэцкім грамадстве заўважны таксама сярод 3-мільённай турэцкай дыяспары ў ФРГ. Яе большасць падтрымліве Эрдагана. Летась у лістападзе 60% нямецкіх туркаў прагаласавалі за ісламскую партыю “Справядлівасці і Развіцця”. Існуе небяспека, што ўнутрытурэцкі канфлікт і гвалт перакінуцца ў Нямеччыну. Учора на вуліцы Кёльну выйшла каля 40 тысяч туркаў, праціўнікаў путчу з праўрадавымі транспарантамі кшталту “Не чапайце Эрдагана”. Якраз у Кёльне мае сваю сядзібу ісламісцкая арганізацыя “Турэцка-ісламскі Саюз у справе рэлігійных адносінаў”. Яна гуртуе 700 мячэцяў, прапагандуе суніцкі іслам і цесна звязаная з партыяй Эрдагана. Большасць турэцкай дыяспары згодная з Эрдаганам і лічыць, што “Еўразвяз нас не хоча. Ён нас ніколі не хацеў у сябе”. Перад удзельнікамі дэманстрацыі выступіў турэцкі міністр спорту – Акіф Кілідж. Нямецкія ўлады не дазволілі ўсталяваць вялізны тэлебім, каб глядзець трансляцыю выступаў турэцкіх палітыкаў. Віцэ-міністр фінанасаў Енс Шпан заявіў, што “тыя, чыё сэрца б’е за Эрдагана, хай выказваюць яму сваю падтрымку ў Турцыі, а не Кёльне”. Абураны гэтым прэс-сакратар Эрдагана заявіў, што “Нямеччына парушае свабоду слова і сходаў”. Затое найвялікшы сярод нямецкіх туркаў праціўнік Эрдагана, дэпутат Бундэстагу Чэм Эздэмір заклікаў Берлін увесці санкцыі супраць Анкары. Гэта ён быў ініцыятарам рэзалюцыі Бундэстагу, у якой асуджаўся генацыд армян з боку туркаў у часы Асманскай імперыі. Рэзалюцыя разюшыла Анкару. Усім 11-ці дэпутатам турэцкага паходжання прыйшлося даць асабістую ахову, бо ім пачалі пагражаць смерцю.

Складваецца сітуацыя нібыта ў сістэме спалучаных сасудаў: пахаладанне на лініі Анкара-Еўропа адразу пацягнула за сабою пацяпленне на лініі Анкара-Масква. Прэтэнзіі на адрас Эрдагана: “яны нас водзяць за нос” прывялі да таго, што Эрдаган кажа пра Пуціна “мой сябра”. Ясна, што Маскве не перашкаджаюць дыктатарскія замашкі Эрдагана, бо гэта пуцінскі стыль кіравання. Пад пытаннем застаецца толькі тое, ці турэцка-расейскі флірт не прывядзе да крызісу у НАТА, бо выхад Турцыі з альянсу меў бы катастрафічныя наступствы. Пра такое – ажно страх падумаць.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ