Еўрапейская блізарукасць
Прэм’ер Вугоршчыны Віктар Орбан раскрытыкаваў як “поўнасцю памылковай” іміграцыйную палітыку Еўразвяза. У інтэрв’ю нямецкай газеце „Frankfurter Allgemeine Zeitung” ён перасцярог перад сацыяльным выбухам ва усёй Еўропе і празмерным наплывам у Еўропу мусульман.
Вугорскі прэм’ер мае вельмі кепскую рэпутацыю ў Бруселі. Яго там бясконца за нешта папракаюць: за парушэнне еўрапейскіх стандартаў, за замах на правілы свабоднага рынку, за флітртаванне з Пуціным а таксама і за антыіміграцыйная палітыку. Вось у інтэрв’ю нямецкаму выданню Орбан апраўдваў ідэю пабудовы сцяны ўздоўж мяжы з Сербіяй. “Той, хто перажывае такую навалу, нікога больш не можа прыняць да сябе”, – заявіў ён. Вугорскі прэм’ер падкрэсліў, што зараз у Еўропе маем дачыненне не проста з “іміграцыйнай праблемай”, але пагрозай “буйнамаштабнага перасялення народаў”. Орбан усклаў адказнасць за крызіс на памылковую палітыку Еўразвяза. “Кожны еўрапейскі палітык, які дае імігрантам надзею на лепшае жыццё і падахвочвае пакінуць сваё майно на Радзіме, каб рызыкуючы жыццём уцякаць у Еўропу, паводзіць сябе неадказна”, – сказаў ён. На думку Віктара Орбана, неабходная ахова знешніх межаў Еўразвяза. “Вось таму такая важная тая сцяна, якую мы будуем. Мы не робім гэтага для забавы, але таму, што гэта неабходна”, – падкрэсліў вугорскі палітык. Ён выказаў здзіўленне, што акрамя Вугоршчыны і Гішпаніі ніводня іншая, еўрапейская краіна не хача абараняць свае межы. Сваю палітыку ў дачыненні да імігрантаў ён абгрунтаваў настроямі ў вугорскім грамадстве. “Людзі хочуць, каб кантралявалі сітуацыю і ахоўвалі нашы межы. Пра ўсе іншыя праблемы можна будзе гаварыць тады, калі будзе спыненая гэтая чалавечая паводка”. На думку вугорскага прэм’ера ўрады краін Еўразвяза праводзяць палітыку насуперак волі большасці сваіх грамадзян. Ён таксама дадаў, што большасць імігрантаў, гэта мусульмане, людзі выхаваныя ў іншай культуры, у час калі ў Еўропы хрысціянскія карані. Ён выказаў занепакоенасць тым, што хрысціянская култура у Еўропе ўжо не ў стане абараняць сваю ўласную сістэму каштоўнасцяў. “Калі забудзем пра гэта, дык можа аказацца, што еўрапейская ідэя можа аказацца ў меншасці на сваім уласным кантыненце-перасцярог Орбан.
Вугорскі прэм’ер адкрыта кажа пра тое, чаго не могуць гучна казаць палітыкі ў іншых краінах. Аднак многія польскія палітыкі заяўляюць, што яны супраць навязвання ім квотаў уцекачоў. Яны кажуць: уцекачы ўсё роўна ў нас не затрымаюцца. Яны паедуць у больш заможныя краіны, у прыватнасці ў Нямеччыну. Апрача таго, палякі сапраўды баяцца масавага наплыву мусульман, якія як след не жадаюць асімілявацца і могуць пагражаць нацыянальнай бяспецы. Маўляў: мы не ведаем, якія людзі прыбываюць у Еўропу. Хай сабе тут будзе негатыўная практыка селекцыі, але ці нехта можа гарантаваць, што сярод іх няма прыхаваных джыхадыстаў. У адказ на такія заявы заходнееўрапейскія палітыкі кажуць: у час ваеннага становішча ў Польшчы мы прынялі сотні тысяч палякаў, а вы не хочаце прыняць пару тысяч такіх жа няшчасных людзей. “Непрыгожа”, “ой непрыгожа”. Сапраўды, у камуністычныя часы на Захадзе знайшлі прытулак сотні тысяч грамадзян краін сацыялістычнага лагеру. З пункту гледжання Захаду, цяпер такія краіны, як Польшча, Вугоршчына, Славаччына паводзяць сябе надзвычай эгаістычна і маладушна.
Можа гэта і эгаістычна і маладушна і несалідарна. Аднак гэта не Польшча, не Вугоршчына, а заходнія лідары без аніякага роздуму скінулі дыктатараў у Лівіі, Егіпце, Іраку ды іншых краінах, хаця пры іх прынамсі быў мір і стабільнасць. А што атрымалі ў замен. Хаос, ісламскую дзяржаву і сотні тысяч уцекачоў. Дык збірайце плён вашай дурноты. Існуе паняцце меншага зла. Заходняя дэмакратыя гэтак жа недарэчная ў некаторых краінах, як жаночыя туфлі на высокіх абцасах у пустэльні. Па-мойму, пакуль Еўропу зальюць сотні тысяч уцекачоў, трэба ліквідаваць прычыны іх уцёкаў. Найперш сумеснымі сіламі трэба знішчыць варварскі „ісламскі халіфат”, які з прычыны сваёй лютасці варты пякельнага агню. Гэта мая думка.