Еўразвязу не да Статкевіча
4 траўня ў Шклоўскай калоніі №17 адбылося закрытае судовае паседжанне ў справе Міколы Статкевіча. Як і можна было чакаць, суд стаў на баку адміністрацыі калоніі. Суддзя Святлана Баранцава прызнала вязня вінаватым у парушэнні правілаў распарадку калоніі і прыняла рашэнне аб пераводзе Статкевіча на турэмны рэжым да заканчэння 6-гадовага тэрміну, гэта значыць на 19 месяцаў і 15 дзён.
Акрамя жонкі Марыны Адамовіч, на суд спрабавалі трапіць: старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі, прадстаўнік Еўрапейскага звязу ў Беларусі, юрыст Павел Сапелка і журналісты. Аднак супрацоўнік калоніі ў чыне маёра паведаміў, што працэс будзе закрыты, і папрасіў усіх адыйсці далей ад будынку калоніі.
З вартых даверу крыніц вядома, што справа Статкевіча налічвае ажно 5 тамоў. Вядома далёка не ўсе дакументы, гэта доказы яго правапарушэнняў. Значная частка, гэта хадайніцтвы вязня на спатканні, пасведчанні аб ліставанні з рознымі ўстановамі. Справа ў тым, што Статкевіч скардзіўся на ўмовы ўтрымання спярша ў адміністрацыю калоніі, а затым пісаў пра парушэнні ў Пракуратуру ды іншыя ўстановы. Паводле адваката, які азнаёміўся са справай Статкевіча, яму прыпісалі вялікую колькасць парушэнняў турэмнага рэжыму. У гэтых дакументах сапраўдная драбяза, кшталту неадпаведнай вопраткі. Аднак сапраўдныя парушэнні былі дапушчаныя адміністрацыяй калоніі. Заміж прадугледжаных законам дзвюх гадзін працы, Статкевіч быў вымушаны прыбіраць тэрыторыю калоніі да 45 гадзін у тыдзень. Калі адміністрацыя не адрэагавала на яго скаргі, Статкевіч адмовіўся ад працы. Тады яго пачалі караць адмаўленнем у спатканнях з блізкімі, пазбаўленнем перадач і пачалі выносіць афіцыйныя вымовы. Калі пратаколаў назбіралася болей, гэта і стала фармальнай падставай для абвайстрэння ўмоваў утрамання пад вартай.
З самога пачатку было ясна, што Статкевічу за кратамі не будзе лёгка. З ліку затрыманых кандыдатаў у прэзідэнты ён атрымаў найбольш строгі прысуд – 6 гадоў турмы і ўтрымліваецца за кратамі ўжо чатыры гады. Спярша ён трапіў у Шклоўскую калонію, потым на 3 гады ў магілёўскую турму, і затым, у студзені сёлета, яго ізноў вярнулі ў Шклоў. Статкевіч даўно быў бы на волі, калі б напісаў, альбо прызнаў, што быў не супраць прэзідэнцкаму памілаванню. Аднак, незважаючы на ціск і ўсемагчымы здзек, Статкевіч адмаўляўся пісаць прашэнне. Аб тым, што не збіраецца ісці на ніякі кампраміс, ён шмат разоў пісаў і гаварыў. Для Статкевіча гэта было б роўназначна з прызнаннем сваёй віны.
“Пенітэнцыярнае правасуддзе ва ўсёй красе. У Менску якраз у гасцях мiнiстр замежных спрау Аўстрыi i нямецкiя дэпутаты, сацыял-дэмакраты, дарэчы… Цікава, пра што яны будуць размаўляць з уладамi…», — напісаў Алесь Бяляцкі. Адказ на гэтае пытанне просты: аб двухбаковым супрацоўніцтве і нармалізацыі адносінаў паміж Беларуссю і Еўразвязам. Малады аўстрыйскі міністр у пытаннях Еўропы, інтэграцыі ды замежных справаў Себастыян Курц заявіў, што “Аўстрыя гатова спрыяць развіццю пазітыўнай дынамікі адносінаў паміж Бруселям і Менскам”. „Мы хацелі б, каб Ваша краіна ды і Захад у цэлым усё такі больш уважліва паглядзелі на Беларусь, зрабілі адпаведныя высновы, прадпрынялі шэраг крокаў у правільным накірунку», – сказаў Лукашэнка. Ён назваў “пацяпленнем” нават цяперашнія адносіны з Захадам.
Для самога Статкевіча, як і для дэмакратычнай апазіцыі, гэта вельмі прыкрая навіна. На фоне вялікай палітыкі справа аднаго ці нават некалькіх палітвязняў зыходзіць на далейшы план. Вось заўтра маюць адбыцца перамовы кантактнай групы ў справе Украіны. Ці адбудуцца перамовы ці не, аднак пасярэдніцкая роля Менску ў такім сур’ёзным канфлікце важнейшая, за пагаршэнне ўмоваў утрымання аднаго вязня. З такім падыходам Захаду прыходзіцца проста змірыцца і чакаць лепшых часоў.