ЕЗ пераасэнсуе эміграцыйную палітыку?
Стуацыя ў сталіцы Бельгіі, сядзібе шэрагу еўрапейскіх устаноў вельмі дынамічная. Пра дакладныя лічбы не прыходзіцца гаварыць. Напэўна адбыліся два самагубчыя тэракты і страляніна на лётнішчы Завентэм, непадалёку ад месца адпраўкі пасажыраў амерыканскай авіялініі American Airlines. Амаль паралельна адбыліся два выбухі на станцыях метро Мальбек і Шумана непадалёку ад сядзібы Еўракамісіі. Адкліканыя ўсе авіярэйсы і цалкам спынены гарадскі транспарт. Улады ўвялі найвышэйшы, чацвёрты ўзровень тэрарыстычнай пагрозы. Не выключана, што гэта не адзіныя атакі. Віноўнікі тэрактаў пакуль не ўстаноўленыя, але разам са стралянінай, паводле сведкаў, чуваць было арабскамоўныя воклічы.
Гарадскія ўлады рэкамендавалі жыхарам заставацца ў дамах, альбо месцах свайго прабывання. Брусель з’яўляецца сядзібай шэрагу міжнародных устаноў: Еўракамісія ды іншыя ўстановы забаранілі сваім супрацоўнікам пакідаць свае офісы і кватэры. Колькасць загіблых і параненых ідзе ў дзясяткі чалавек і ўвесь час змяняецца. Гэтак як у выпадку іншых тэрактаў, колькасць ахвяраў павялічваецца, паколькі паміраюць цяжка параненыя. На надзвычайным пасяджэнні сабраўся антыкрызісны штаб. Нацыянальнасць загіблых і параненых усё яшчэ ўстанаўліваецца. Прэм’ер Бельгіі Шарль Мішэль паведаміў, што сярод ахвяраў ёсць замежнікі. Таямнічы пакунак быў знойдзены нават каля Каралеўскага Палацу. Паведамляецца, што сапёры абясшкодзілі выбуховую прыладу на вуліцы Вэтстрат. Па Бруселі ўвесь час раз’язджаюцца і сігналяць машыны хуткай дапамогі.
“Выказваю самыя шчырыя словы спачування сем’ям і сябрам ахвяраў. Гэтыя атакі – чарговая подласць тэрарыстаў на службе ненавісці і гвалту”, – заявіў старшыня Еўрапейскай Рады – Дональд Туск. “ Установы Еўразвяза карыстаюцца гасціннасцю Бруселя і шчодрасцю бельгійскага ўраду і народа. Еўразвяз аддзячыць ім салідарнасцю і зробіць усё магчымае, каб дапамагчы Бруселю, Бельгіі і усёй Еўропе ў барацьбе з тэрарыстычнай пагрозай”, – дадаў Туск.
Як на іронію, сённяшнія тэракты адбыліся дакладна ў часе, калі ў Бруселі ў сядзібе НАТА праходзіла пасяджэнне Еўрапарламенцкай камісіі ў пытаннях бяспекі. Апрача таго, у мінулую пятніцу, пасля чатырох месяцаў аблавы, бельгійская паліцыя арыштавала Салаха Абдэслама, меркаванага каардынатара крывавых замахаў у Парыжы. Ён нібыта пачаў выдаваць сваіх таварышаў. Акрамя яго былі затрыманыя яшчэ чатыры асобы. Узнікае пытанне: ці гэта наступства гэтых арыштаў, ці раней спланаваныя акцыі. У любым выпадку аказваецца, што арышт пару асобаў нічога не вырашае. Сетка тэрарыстаў на гэтулькі разгалінаваная і засакрэчаная, што ніхто не ведае, дзе і калі яны ўдараць чарговы раз. Зараз яны ўдарылі ў самым сэрцы Еўропы, непадалёку еўрапейскіх устаноў. Цяпер гэтыя ўстановы ператворацца ледзь не ў крэпасці. Любы еўрапейскі чыноўнік будзе жыць і працаваць у стрэсе і страху. Тэрор, гэта і ёсць запалохванне, сеянне панікі і боязі. З другога боку, хто ведае, ці брусельскія тэракты не стануць той вырашальнай кропляй, якая пералье келіх еўрапейскай цярплівасці. Я не здзіўюся, калі з сённяшняга дня Еўразвяз пераасэнсуе ўсю сваю эміграцыйную палітыку.