Гадавіна Еўрамайдану
21 лістапада ўкраінцы адзначаюць пачатак Еўрамайдану – пратэстаў, якія прывялі не толькі да змены ўлады, але і да згуртаванасці ўкраінскай нацыі. Затое кіраўніцтва суседак Украіны, як агню, баяцца і перасцерагаюць грамадства перад небяспекай каляровых рэвалюцый.
Падвядзенне вынікаў мінулага года можа прывесці ўкраінцаў да супрацьлеглых высноваў. Супастаўленне плюсаў і мінусаў, дасягненняў і стратаў можа даць неадназначны вынік. Страта Крыма, некалькі тысяч загінулых, вайна ва ўсходніх абласцях, крах эканомікі, падзенне грыўны, няпэўны лёс Данбасу. З другога боку, украінцы маюць новую, дэмакратычна абраную ўладу, план дэмакратычных рэформаў, надзею на самастойнасць у вырашэнні свайго лёсу і лепшую будучыню без Расеі.
Згодна найноўшаму апытанню, праведзенаму кампаніяй “Рэйтынг”, дзве траціны ўкраінцаў выказваюцца за далучэнне да Еўразвяза і больш як палова – да НАТО. Нават калі Украіна застанецца без часткі сваёй тэрыторыі і насельніцтва. У выказваннях некаторых публіцыстаў гучыць думка, што не варта змагацца за тых, каму даражэйшая суседняя дзяржава. Маўляў, гэта “пятая калона” і баласт, якіх разумней пазбыцца. Хай пажывуць у абдымках матушкі Расеі, а хутка самі пашкадуюць свайго выбару і пажадаюць лепш быць сіротамі. Аднак зноў жа са згаданага вышэй апытыння вынікае, што ўзрасла колькасць украінцаў, якія сілавога адбіцця ўсходу краіны з рук сепаратыстаў. Толькі кожны дзясяты ўкраінец гатовы даць Данбасу незалежнасць ад Кіева. Большасць украінцаў гатовая бараніць Радзіму ў выпадку адкрытай агрэсіі з боку Расеі. Вось такая змена настрояў адбылася за год з часу пачатку Еўрамайдану.
Аднак усеўладны цар Расеі Уладзімір Пуцін палохае сваіх суайчыннікаў “каляровымі рэвалюцыямі”. Здаўна перасцерагае перад іх небяспекай і беларускі кіраўнік Аляксандр Лукашэнка. Яны даказваюць, што ўсе так званыя “каляровыя рэвалюцыі” прывялі да хаосу і кровапраліцця. Так. У цэлым, рэвалюцыі заўсёды горшыя за мірную эвалюцыю. Аднак такія людзі, як Пуцін і Лукашэнка, найперш баяцца за сваю ўладу. Каб іх не ўпаткаў лёс Кадафі і Мубарака. Таму ў чацвер, 20 лістапада, на паседжанні Савета Бяспекі ў Маскве Пуцін заклікаў зберагчы Расею ад «каляровых рэвалюцый» і экстрэмізму . «У сучасным свеце экстрэмізм выкарыстоўваецца як інструмент геапалітыкі і перадзелу сфер уплыву; мы бачым, да якіх трагічных наступстваў прывяла хваля так званых „каляровых рэвалюцый“… Для нас гэта ўрок і папярэджанне». Пуцін адзначыў, што змаганне з экстрэмізмам – гэта не барацьба з іншадумствам. Аднак, баронячы грамадзянскія свабоды, неабходна разумець, што «заклікі да звяржэння існуючага ладу — гэта наўпростая праява антынароднага мыслення, прамая праява экстрэмізму», як лічыць Пуцін. Цікава. Дык чаму ён сумуе па распадзеным Савецкім Саюзе, які ўзнік у выніку крывавай рэвалюцыі і быў пабудаваны на чалавечых касцях? Ці было б выявай антынароднага мыслення звяржэнне адыёзнага, паўночна-карэйскага рэжыму? Аднак такія погляды знаходзяць прыхільнікаў нават у Беларусі. Тут актывізавалася суполка “Антымайдан”. Боўдзілы з гэтай суполкі адкрыта заяўляюць пра падтрымку “Новарасеі”, бэсцяць нацыянальныя сімвалы беларусаў і ўкраінцаў: “Пагоню” і “Трызуб”, выкарыстоўваюць “георгіеўскія стужкі” і ўсхваляюць Сталіна. Яны дзейнічаюць у Беларусі значна больш вольна чым тыя, хто на 21 лістапада заклікае выказаць салідарнасць з Украінай, экспануючы сіне-жоўтыя сцягі і ўшаноўваючы памяць загінулых на Майдане. У Беларусі за выяву салідарнасці з Украінай караюць, а вось з імперскім расейскім сцягам можна хадзіць па горадзе вольна.
Блізарукая, дурная, самагубчая гэта палітыка з боку беларускіх уладаў. Трэба пацікавіцца гісторыяй і нарэшце прыняць да ведама, што ў Расейскай Імперыі ўсе нерасейцы будуць грамадзянамі другой катэгорыі. Калі нехта сумуе па такім статусе, няхай адразу з’язджае на Усход і цешыцца з тамтэйшых дабротаў.