Гадавіна плённай паразы
Урачыстасці 1 жніўня з’яўляюцца кульмінацыяй культурных мерапрыемстваў, якія пачаліся ўжо ў палове ліпеня. Гэта мноства самых розных мерапрыемстваў: рэлігійныя і свецкія ўрачыстасці, багаслужбы, канцэрты паўстанчых і патрыятычных песень, выставы і паказы фільмаў. Прэзідэнт Браніслаў Камароўскі ўручыў высокія дзяржаўныя ўзнагароды ветэранам паўстання, якія прыбылі ў Варшаву з розных краін свету. Прэзідэнт падпісаў закон “Аб ахове знаку “Змагарная Польшча”, а паўстанцы перадалі маладым палякам “эстафету памяці” пра паўстанне. Падчас канцэрта “Маладая Варшава – штодзённае жыццё ваюючай сталіцы” прэзідэнт Варшавы Ганна Гранкевіч-Вальц звярнулася да ветэранаў са словамі: “Вы сталі ахоўнікамі балючай праўды пра польскія лёсы і выбары, якія акрэслілі Вашае жыццё і жыццё чарговых пакаленняў. Чым даўжэй ад тых падзей, тым лягчэй сцерці з памяці ахвярнасць, гераізм і рашучасць Варшавы ўлетку 44-га. Таму Ваша роля і Ваша сведчанне-неацэнныя”. Паўстанцы са слязмі ўзрушэння паглядзелі новы, мастацкі фільм Яна Комасы “Горад 44”. У фільме выкарыстоўваюцца найноўшыя галівудскія трукі, каб адлюстраваць жудасці, хаос і татальнае разбурэнне. Ветэраны падкрэслівалі, што з прычыны ўзросту, для большасць з іх гэта апошні ўдзел у адзначэнні круглай даты. Усе яны ва ўзросце 90 гадоў а нават і болей. 30 ліпеня ўпершыню ў гісторыі урачыстасці адбыліся ў Берліне, дакладна там, дзе 70 гадоў таму быў дадзены загад знішчыць Варшаву і яе жыхароў. Прэзідэнты Польшчы і Нямеччыны разам адкрылі выставу “Варшаўскае паўстанне 1944”. У 17 гадзін, у так званую “Гадзіну W” загучаць сірэны і на хвіліну спыніцца рух. У гэты час адбудзецца ўскладанне вянкоў да помніка Gloria Victis на вайсковых могілках Повонзкі ў Варшаве. Раней, апоўдні ўрачыстая змена варты каля Магілы Невядомага Салдата на Плошчы Пілсудскага. У 19 гадзін каля помніка “Загінулым і непераможаным” адбудзецца экуменічная малітва. Палякі будуць спяваць паўстанчыя песні. Увечары будзе запалена Вогнішча Памяці, якое будзе гарэць цягам 63-х дзён.
Сёлета, як і штогод, у гадавіну Варшаўскага паўстання аднавіліся спрэчкі і палеміка вакол самой мэтазгоднасці паўстання. Яно ставіла перад сабой мэту вызваліць сталіцу ад немцаў, прымусіць савецкія ўлады прызнаць эміграцыйны ўрад і гарантаваць будучую незалежнасць краіны. Аднак ніводная з мэтаў паўстання не была дасягнута. Паўстанне пратрымалася 63 дні, загінулі каля 200 тысяч чалавек, а горад, які мог у ацалець, пераўтварыўся ў руіны. З прычыны вялізных стратаў многія гісторыкі і палітыкі расцанілі паўстанне, як “найвялікшую паразу ў гісторыі народа”. Іншыя лічаць, што паўстанне мела станоўчае палітычнае значэнне, як праява мужнасці і патрыятызму і падстава для нацыянальнага гонару. Гэтыя аргументы пераважаюць і крытычныя галасы гучаць усё слабей. Пераважае перакананне, што паўстанцы змагаліся за адзінства народа, за працяг дзяржаўнасці ды яе інстытутаў. Многія прызнаюць, што без паўстання не было б “Салідарнасці”. Па словах прэзідэнта Камароўскага, не заўсёды можна гаварыць пра ўчынкі ў сэнсе карысці ад іх. “Свабоду нельга набыць у краме за канкрэтную цану. Часам прыходзіцца плаціць за яе найвышэйшую цану. Ці нехта пытае пра мэтазгоднасць сумленнасці, ці варта быць парадачным, мужным, разумным і высокародным?
У 70-ю гадавіну паўстання можна сказаць, што палякі ўжо не кажуць выключна пра трагедыю паўстання. Пашыраецца перакананне, што гэта была адна з важнейшых падзеяў у польскай гісторыі. Памяць пра паўстанне стала культурным феноменам, які выходзіць па-за гістарычны небасхіл. Паўстанне сёння – гэта падзея амаль міфічная, якая нясе ў сабе ўніверсальны пасыл пра патрэбу свабоды і цану, якую за яе трэба заплаціць. Нават параза ў справядлівай вайне і слушнай справе можа быць натхняльнай. Такое перакананне ўмацоўваецца сярод палякаў, і думаю, што гэта добра.