Галакост: ляпсус альбо невуцтва
Прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі асудзіў шэфа Федэральнага Разведвальнага Бюро ( FBI) Джэймса Комі, які ўсклаў на палякаў частку віны за генацыд жыдоў. Ён папракнуў амерыканскага чыноўніка ў невуцтве, а таксама асабістай прадузятасці ў дачыненні да палякаў.
Дырэктар FBI выступіў з прамовай у Музеі Галакосту ў Вашынгтоне 15 красавіка. Яна праўдападобна засталася незаўважанай, калі б асобныя выказванні не надрукавала газета “Вашынгтон Пост” з нагоды Дня Памяці пра Галакост. Комі гаварыў, што “Галакост” быў адной з самых эпахальных падзеяў у гісторыі чалавецтва. Па яго словах, кожны новы супрацоўнік FBI павінен наведаць Музей Галакосту, каб пераканацца, як “памагатыя нацыстаў, нібыта добрыя і парадачныя людзі з Нямеччыны, Польшчы, Вугоршчыны ды іншых краін адмовіліся ад сваёй маралі, падпарадкаваліся ідэалогіі нацыстаў і бяскрытычна дапамагалі забіваць мільёны людзей”. Па словах польскага прэзідэнта, словы Джэймса Комі абразлівыя для палякаў, асабліва тысяч тых палякаў, якія ратавалі жыдоў падчас вайны і атрымалі за гэта званне “Справядлівых сярод народаў свету”. Камароўскі дадаў, што неабходна змагацца са шкоднымі стэрэатыпамі датычнымі Польшчы, якія раз пораз гучаць з вуснаў заходніх палітыкаў. Зрэшты, нават прэзідэнт ЗША ў свой час казаў пра “польскія канлагеры”, з чаго пазней тлумачыўся. Амбасадар Польшчы накіраваў Джэймсу Комі пісьмовы пратэст. Польскі МЗС выклікаў да сябе амбасадара ЗША Стівэна Мала і перадаў яму ноту пратэсту.
Амерыканскі амбасадар, чалавек надзвычай сімпатычны, які няблага гаворыць па-польску, быў моцна збянтэжаны. “Словы пра тое, што акрамя нацысцкай Нямеччыны Польшча або яшчэ іншыя краіны адказныя за Галакост шкодныя і абразлівыя,” – сказаў амбасадар. Ён часткова апраўдаваў дырэктара FBI кажучы, што той напэўна не ставіць знаку роўнасці паміж злачынствамі нацыстаў і палякаў, аднак меў на ўвазе іншае: каб перад абліччам падобнага як Голакост зла людзі ніколі яго не апраўдвалі і не нагіналі сваё сумленне пад злачынную ідэалогію. Стівэн Мал абяцаў, што закране гэтае пытанне на найвышэйшым узроўні і напэўна з вуснаў Джэймса Комі паступіць тлумачэнне.
Чарговыя непрыемныя для польскага вуха словы супалі з 72-й гадавінай паўстання ў варшаўскім гета, першага такога ва ўсёй акупаванай нацыстамі Еўропе. Жменька слаба ўзброеных жыдоў на чале з Мардэхаям Анялевічам і Паўлам Фрэнкелям цягам месяца аказвала немцам узброены супраціў падчас ліквідацыі гета. Калі немцы прыступілі да канчатковай ліквідацыі гета, малыя групы паўстанцаў абстралялі іх, закідалі бутэлькамі з запальнымі рэчывамі, самаробнымі гранатамі і бомбамі. Незважаючы на безнадзейнасць узброенай барацьбы, паўстанцы пратрывалі амаль месяц. 6 тысяч габрэяў загінулі ў час баёў, яшчэ 7 тысяч нацысты забілі на тэрыторыі гета, гэтулькі ж выслалі ў лагер у Трэблінцы, а астатнія 36 тысяч чалавек — у Аўшвіц ды іншыя лагеры. Тэрыторыя гета была літаральна зраўняная з зямлёю. З амаль паўмільёна габрэяў, згуртаваных у Варшаўскім гета, выратаваліся толькі каля 3 тысяч.
Паўстанне ў Варшаве, як дарэчы і падобнае ў Беластоку, не ставіла перад сабою ваенных мэтаў. Гэта быў усяго толькі роспачны акт выбару годнай смерці са зброяй у руках і помсты за генацыд супляменнікаў. Выбар смерці стоячы, а не на каленях. Паўстанцы страцілі жыццё, але абаранілі сваю і сваіх супляменнікаў годнасць. Яго сэнс выказаны ў заяве польскага Сейму: “У абарону чалавечай годнасці габрэйскія паўстанцы ўзялі ў рукі зброю. Барацьба была выявай пратэсту супраць абыякавасці на генацыд з боку свету… Падпольная польская дзяржава падтрымлівала паўстанне, пастаўляючы зброю і харчы і паведамляючы свет пра мужнасць і гераічнае змаганне,” — гаварылася ў заяве польскага Сейму два гады таму. Так. Антысемітызм у Польшчы быў да вайны, падчас яе і пасля вайны, але сярод тых, хто ратаваў жыдоў было найбольш палякаў. На Захадзе, дзе нямецкая акупацыя была лагоднай і амаль незаўважнай, слаба разбіраюцца, як яна выглядала ў Польшчу. А калі не ведаюць, хай вучацца і не плятуць падобных недарэчнасцяў як дырэктар FBI.