Гнілы кампраміс



Еўрапарламент і Вярхоўная Рада Украіны адначасова ратыфікавалі Дамову аб асацыяцыі Украіны з Еўразвязам. Адначасова, украінскі парламент прыняў закон аб аўтаноміі ўсходніх рэгіёнаў і амністыі для сэпаратыстаў, што ўспрымаецца як прызнанне страты часткі тэрыторыі.

Па словах прэзідэнта Парашэнкі, Дамова аб Асацыяцыі як фактычная праграма рэформаў будзе ажыццяўляцца неадкладна, з першай хвіліны пасля ратыфікацыі. Рэалізацыя дамовы будзе для Украіны азначаць вяршэнства закону, свабоду слова, рашучую барацьбу з карупцыяй, абарону грамадзянскіх правоў, – адзначыў прэзідэнт. Аднак у пятніцу у Брусэлі прадстаўнікі Эўразьвязу, Украіны і Расеі дамовіліся, што рэлізацыя гандлёвай часткі Дамовы, аб свабодным гандлі паміж Украінай і Еўразвязам будзе адкладзеная да канца 2015 году. Да гэтага часу Украіна зможа карыстацца правам бязмытнага экспарту ў краіны Еўразвязу. Адначасова, у гэты гістарычны, паводле слоў Пятра Парашэнкі, дзень украінскі парламент прыняў закон аб спецыяльным статусе, дэ-факта аўтаноміі кантраляванай сэпаратыстамі часткі Данбасу, хаця і тэрмінам да трох гадоў. Дэпутаты аб’явілі амністыю сэпаратыстам. Абраныя ў выніку мясцовых выбараў улады Данбасу змогуць стварыць сваю народную міліцыю, кантраляваць дзяржаўную мяжу і навязваць кантакты з Расеяй. Тым не меней, за сацыяльна-гаспадарчае развіццё Данбасу далей мае адказваць Кіеў. У адказ на закон Андрэй Пургін, віцэ-прэм’ер самаабвешчанай Данецкай Народнай Рэспублікі заявіў, што “Данбас кіруецца поўнасцю аўтаномна і ўжо не мае нічога агульнага з Украінай”. У інтэрв’ю для расейскага тэлеканалу “ Расія 24” Пургін заявіў, што не будзе ніякіх саюзаў ні сувязяў з Украінай.

Многія каметатары і аглядальнікі згодныя з тым, што ўсё гэта вялікая саступка альбо нават капітуляцыя Кіеву перад Расеяй і сэпаратыстамі. “Новая мяжа, уласная міліцыя, самастойныя выбары азначаюць, што Украіна адмовілася ад барацьбы за інтэгральную цэласнасць і яна дэ-факта падзеленая. З’явілася новае Прыднястроў’е. Паводле нямецкага выдання „Saechsische Zeitung” няма падставаў для святкавання. Гэты кавалак паперы падзяліў краіну, зрабіў з людзей заўзятых ворагаў і каштаваў жыццё тысяч людзей. Ці быў гэтага варты? Такое пытанне павінен сабе задаць Еўразвяз, які паставіў Украіну перад выбарам “за” альбо “ супраць” інтэграцыі з Захадам, – піша нямецкая газеэта. Кіраўнік Абласной Данецкай Адміністрацыі Сэргій Тарута шакаваны рашэннем Вярхоўнай Рады. “Што гэта за структура? Дзе мяжа гэтага утварэння пасярэдзіне Данецкай вобласці? Ці у нас будуць дзве Данецкія вобласці ці адна? Так званыя ДНР і ЛНР-гэта тэрарыстычныя арганізацыі. Калі яны складуць зброю і калі закрыецца дзяржаўная мяжа? – драматычна пытаўся Тарута.

Чуваць таксама галасы, што гэта разумны кампраміс, бо ў ваенным супрацстаянні Украіна не пераможа Расею і ніхто ёй не дапаможа. Маўляў, Украіна атрымлівае час каб ачуняць, сабраць сілы. Адмыслоўцы лічаць, што ў Кіева не было іншага выйсця. Дараднік прэзідэнта Ігар Грыніў патлумачыў, чаму Кіеў павінен далей фінансаваць і дапамагаць непадкантрольным яму рэгіёны. “Бо гэта наша зямля і нашы людзі. 80% тамтэйшага насельніцтва лічыць, што далейшая вайна не самае лепшае выйсьце з сытуацыі” , – сказаў Грыніў.

Мабыць так, але сабраныя на Майдане людзі, чые сыны і бацькі загінулі на Усходзе Украіны не разумеюць такога кроку. Маўляў, дык за што яны паклалі свае галовы? Такія галасы праўдападобна будуць узмацняцца і гэта новы выклік для ўладаў. Група народных дэпутатаў ужо афіцыйна прапанавала парламанту скасаваць скандальныя законы пра мясцовае кіраванне ў асобных рэгіёнах Данецкай і Луганскай вобласцяў і пра амністыю для ўзброеных фармаваньняў. Хутчэй за ўсё народны гнеў і абурэнне прымусяць улады адмовіцца ад такога гнілога кампрамісу.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ