Хай і іслам, абы прадаць свой хлам



Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка знаходзіцца з рабочым візітам у Турцыі, дзе праходзіць саміт “Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва”. Яго візіт супаў з інфармацыяй пра рэзкае скарачэнне знешняга таваразвароту і чарговымі абмежаваннямі на ўвоз беларусамі тавараў з-за мяжы.

“Арганізацыя ісламскага супрацоўніцтва” (АІС) была заснаваная як “Арганізацыя ісламскай канферэнцыі” ў 1969 годзе ў сталіцы Марока-Рабаце. У чэрвені 2011 года яна змяніла назву на цяперашнюю. Мэта гэтай палітычна-рэлігійнай арганізацыі – больш шчыльнае супрацоўніцтва ісламскіх краін у галінах гаспадаркі, культуры і навукі. У межах АІС дзейнічае шэраг спецыялізаваных інстытутаў, у прыватнасці “Мусульманскі фонд салідарнасці” і “Ісламскі банк развіцця”. Да Арганізацыі належыць 57 краін з насельніцтвам больш як мільярд чалавек. Статус назіральнікаў мае 5 краін, у тым ліку Расея, аднак няма сярод іх Беларусі. Тым не меней, як паведаміла прэс-служба беларускага прэзідэнта, “у Беларусі і АІС шмат у чым падобныя падыходы і прыярытэты на міжнароднай арэне, у першую чаргу ў такіх сферах, як сямейныя каштоўнасці, рэлігійная талерантнасць, устойлівае развіццё, правы чалавека”. Канферэнцыя праходзіць пад дэвізам „Адзінства і салідарнасць у імя справядлівасці і міру”. Цікава, якім чынам правы чалавека, сямейныя каштоўнасці і рэлігійная талерантнасць могуць у Беларусі супадаць з Аўганістанам, Іранам, Суданам, Лівіяй ці Саудаўскай Аравіяй, ды іншымі краінамі? Сярод сябраў АІС ёсць краіны, чыё заканадаўства і традыцыі інакш як дзікунскімі не назавеш. Да еўрапейскіх ці заходніх каштоўнасцяў яны стасуюцца гэтак як кулак да носа. Што ж, у прэзідэнцкай канцылярыі мабыць ведаюць лепей.

Дык навошта папёрся беларускі кіраўнік на З’езд ісламскіх краін і пры тым у Турцыю? Яна ж стала ледзь не галоўным ворагам яе найлепшага сябра і брата – Расеі? Вось ужо ўчора Лукашэнка сустрэўся з турэцкім прэзідэнтам Рэджэпам Эрдаганам, для Масквы – увасабленнем антырасейскасці і нячыстай сілы, а сёння беларускі кіраўнік мае выступіць перад усімі ўдзельнікамі канферэнцыі. Напэўна будуць у Лукашэнкі таксама двухбаковыя сустрэчы з лідарамі іншых краін. Для яго гэта прыярытэт, бо тут яўна ідзе пра эканоміку. Стала вядома, што ў студзені-лютым знешнегандлёвы таваразварот Беларусі знізіўся на 20%, пры чым імпарт перавысіў экспарт. Праўдападобна, беларускі кіраўнік паспрабуе з кімсьці дамовіцца, каб тыя купілі беларускую тэхніку, якая непрададзеная іржавее на складах. Магчыма ўдасца прыцягнуць у краіну хоць якія-небудзь інвестыцыі запэўніўшы, што ў нас стабільнасць, парадак і бяспека.

Не выключана, што едучы ў Стамбул беларускі кіраўнік спрабуе дасягнуць таксама іншыя мэты. Верагодна, Лукашэнка хоча выдаць сябе за самастойнага палітыка, які не з’яўляецца марыянеткай Крамля. Магчыма, ён ізноў спрабуе выступіць у ролі міратворца, як гэта ў яго атрымалася ў выпадку Украіны. Хаця Масква не адрэагавала на прапанову, каб Менск стаў пляцоўкай для турэцка-расейскага ўрэгулявання, але прапанову варта падтрымаць. Вось узнікне армянска-азербайджанскі канфлікт і Менск ізноў прапануе свае паслугі ў якасці нейтральнай пляцоўкі для перамоваў. Прымуць прапанову ці не, але прапанаваць не пашкодзіць.

Усё ж з улікам тых несуцяшальных дадзеных пра стан беларускай эканомікі, з улікам закону, які з сённяшняга дня абмяжоўвае індывідуальны ўвоз тавараў з-за мяжы, беларускаму кіраўніку хутчэй за ўсё важнейшай з’яўляецца актывізацыя экспарту. Аднак пагутарыць з лідарамі ісламскіх краін, гэта яшчэ не значыць, што яны кінуцца купляць беларускія трактары. Так што поспех гэтай місіі пад вялікім пытальнікам.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ