Хочаце ў Расею? Калі ласка



Еўразвяз не прыняў ніякіх дадатковых санкцый супраць Расеі і абмежаваўся крокамі ў дачыненні толькі да лідараў самаабвешчаных рэспублік на усходзе Украіны. Яны хочуць пашырыць свой кантроль над усёй тэрыторыяў дзвюх абласцей, але пачынаюцца праблемы з утрыманнем таго, што ўжо знаходзіцца ў руках сепаратыстаў.

Рашэнне аб санкцыях было прынята ў панядзелак 17 лістапада ў Бруселі на пасяджэнні Рады міністраў замежных спраў краін Еўразвяза. Лідары самаабвешчаных рэспублік і асобы набліжаныя да іх будуць унесеныя ў чорны спіс Еўразвяза. Дакладны спіс мае быць узгоднены і апублікаваны да канца лістапада. Гэтым самым Брусель хоча паказаць, што не прызнае выбараў, якія прарасейскія сепаратысты арганізавалі 2 лістапада ў Данецкай і Луганскай абласцях усходняй Украіны. Санкцыі прадугледжваюць замарожванне актываў і ўвядзенне забароны на паездкі ў краіны Еўразвяза. Пры гэтым, незважаючы на моцныя заявы на адрас Расеі і Пуціна падчас саміту „Вялікай дваццаткі” міністры замежных спраў не прынялі ніякіх дадатковых санкцый адносна Расеі, хаця тая надалей падтрымлівае сепаратыстаў жаўнерамі і зброяй. Прысутны ў Бруселі ўкраінскі міністр замежных спраў Павел Клімкін заклікаў еўрапейскіх калегаў паслаць „ясны сігнал Маскве, што далейшая дэстабілізацыя ва Украіне выкліча далейшыя крокі з боку Еўразвяза”.

У гэты ж час лідары сепаратыстаў заяўляюць, што кантраляваныя імі тэрыторыі павінны быць пашыраныя. „Нам мэтазгодна настойваць на тым, каб Данецкая і Луганская народныя рэспублікі ахоплівалі межы цэлых абласцей” настойваць на граніцах у межах Данецкай і Луганскай абласцей”, – заявіў віцэ-спікер ДНР Дзяніс Пушылін. Зараз, тэрыторыя „ДНР” і „ЛНР” складае 1/3 Данецкай і Луганскай абласцей. Міністр унутраных спраў Украіны Арсеній Авакаў не выключае, што сепаратысты з дапамогай 7 тысяч расейскіх вайскоўцаў, якія ўжо знаходзяцца ў Данбасе могуць пачаць наступ. Вайсковыя эксперты бачаць прыкметы падрыхтоўкі да наступальных дзеянняў. Расея перакідае войскі і тэхніку на ўсход Украіны. Пра перамяшчэнне па тэрыторыі, якую кантралююць сепаратысты, вялікіх канвояў вайсковай тэхнікі без апазнавальных знакаў, паведамляюць назіральнікі АБСЕ, прадстаўнікі НАТА і Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны. Міністр Авакаў прызнаў, што да поўнамаштабнай вайны з Расеяй Украіна не гатовая, але здаваць тэрыторыю без бою не будзе.

Кіеў зрабіў яшчэ адзін надзвычай важны рух. Прэзідэнт Парашэнка заклікаў парламент скасаваць закон аб спецыяльным статусе для Данбаса. Ён ужо распарадзіўся, каб цягам месяца дзяржаўныя ўстановы пакінулі акупаваныя тэрыторыі. Будуць закрытыя ўсе філіялы банкаў і перастануць выплачвацца пэнсіі і сацыяльная дапамога. Затое ўзрастуць паўнамоцтвы сіл бяспекі і будуць створаныя новыя вайсковыя фармаванні. Усё гэта зводзіцца да таго, што Парашэнка выказаў у кароткіх словах: „Хочаце ў Расею? Калі ласка. Хай Расея бярэ на сваё ўтрыманне 3,5 мільёна чалавек”. Гэтае рашэнне Кіева Пуцін назваў „вялікай памылкай” і яно было поўнай нечаканасцю для сепаратысцкіх лідараў.

Падобна на тое, што замест пашырэння тэрыторыі яны павінны падумаць пра ўтрыманне у сваіх руках таго, што ўжо маюць. Справа ў тым, што з прычыны эканамічнай катастрофы ў рэгіёне пачынаюцца народныя бунты супраць сепаратыстаў. „Людзі не маюць грошай на элементарныя патрэбы. Нікому не падабаецца, калі да прадпрымальнікаў заходзяць узброеныя людзі і канфіскуюць увесь тавар без аплаты”, -заявіў эканаміст Андрэй Новак. Ён упэўнены, што ў бліжэйшай будучыні лідары сепаратыстаў сутыкнуцца з гвалтоўным супрацівам. Вось у Свярдлоўску адбыўся стыхійны мітынг. Дзве тысячы чалавек патрабавалі аднаўлення ўкраінскага кантролю над Данбасам. Новак лічыць, што незадаволенне жыхароў аблегчыць Кіеву задачу расправіцца з баевікамі і расейскімі войскамі на Усходзе Украіны.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ