Лепш страціць яблык, чым увесь сад



У еўрапейскіх краінах, у тым ліку і ў Беларусі, актыўна абмяркоўваюцца наступствы для расейскіх санкцыяў у адказ на заходнія санкцыі. Еўрапейскія краіны лічаць, колькі страцяць у выніку расейскага эмбарга. А ў Беларусі дамінуе перакананне, што краіна можа толькі скарыстаць на санкцыях і значна павялічыць пастаўкі ў Расею сваёй сельскагаспадарчай прадукцыі.

Як і можна было чакаць, Расея адказала санкцыямі на санкцыі. Яна на год закрыла свае межы для мяса, каўбасаў, сыру, садавіны і гародніны з Еўразвязу, ЗША, Канады, Аўстраліі і Нарвегіі. Учора, выконваючы дэкрэт прэзідэнта Пуціна, расейскі ўрад апублікаваў падрабязны пералік тавараў, увоз якіх будзе забаронены ў Расею. Расейскі прэзідэнт пакараў эмбаргам на сельскагаспадарчыя артыкулы ўсе краіны, якія ўвялі санкцыі супраць Расеі. Абмінуў толькі Швайцарыю, Японію і Аўстралію, але тая сама вырашыла не прадаваць Расеі сваю бараніну. Усе звярнулі ўвагу на факт, што эмбарга не тычыцца алкаголю. Гэта значыць, што няпраўда, нібыта амерыканская віскі шкодзіць на плоднасць, як гаварылі расейскія медыі. Пры нагодзе Расея прызналася, што спасылаючыся на санітарныя нормы, яна хлусіла, бо ўсе падобныя рашэнні былі палітычнымі.

Еўрапейскія краіны лічыць, хто і калі страціць у выніку расейскіх санкцыяў. Хаця увесь экспарт харчовых прадуктаў з Еўразвязу ў Расею летась склаў 10,5 мільярда еўра, адну тысячную валавага ўнутранага прадукту, аднак некаторыя краіны прадавалі Расеі больш, а іншыя менш. Мяса і мясныя вырабы найбольш пастаўлялі: Нямеччына, Данія і Польшча. Найбуйнейшыя экспарцёры малочнай прадукцыі – гэта Галандыя, Фінляндыя і Літва. Найбольш садавіны і гародніны пастаўлялі ў Расею – Літва і Польшча. Цяпер Расея хоча стымуляваць развіццё сваёй сельскай гаспадаркі, а спіс імпартаваных тавараў змяняць у адпаведнасці з сітуацыяй на рынку. Па словах Мядзведзева, цяперашняя сітуацыя можа паспрыяць айчынным вытворцам, якія скардзіліся, што заходнія тавары выцясняюць іхнія.

Падчас калі польскія фермеры стогнуць і лямантуюць, у Беларусі радуюцца. “Для беларускай гаспадаркі гэта будзе залаты час. Скарыстаюць таксама Кітай і Турэччына,” – піша на старонках “Нашай Нівы” каментатар Сяргей Гезгала. Ён нагадвае, што ў Расеі хапае свайго збожжа, але яна закупляе мноства мяса, малака, садавіны і гародніны. Палова ўсіх харчоў у Расеі паходзіць з-за мяжы. Учора міністр сельскай гаспадаркі Беларусі Леанід Заяц паведаміў, што ўжо на наступным тыдні ён абмяркуе са сваім расейскім калегам Сяргеем Данквертам павялічэнне паставак беларускіх харчоў. У Беларусі адазваліся галасы, што магчыма ізноў удасца абдурыць Расею як некалі было з цукрам: для прыкладу танна купляючы бульбу і памідоры ў Польшчы і прадаючы даражэй як свае Расеі. Тэхнічна, зрабіць гэта цалкам проста і рабілася не раз.

Аднак у сітуацыі, калі санкцыі, гэта справа нацыянальнага гонару, хутчэй за ўсё такі сцэнар не пройдзе. Расея будзе націскаць на Беларусь і Казахстан, каб у рамках мытнага Саюзу і яны далучыліся да санкцыяў. Зрэшты, перасякаючы магчымасць злоўжыванняў, прадстаўнік Міністэрства сельскай гаспадаркі Расеі Мікалай Фёдараў заявіў, што  “мы знойдзем усе інструменты, каб заблакаваць магчымыя парушэнні рэжыму, які краіна вымушаная была прыняць гэтымі днямі”. Значыць, у Расеі ведаюць, якіх хітрыкаў можна чакаць ад саюзнікаў, і Беларусь заўчасна радуецца пакуль гіпатэтычнымі прыбыткамі.

Выглядае, што пра страты і прыбыткі ад санкцыяў яшчэ рана гаварыць. У Расеі вырастуць цэны, узрасце інфляцыя, у заходніх краінах змарнуюцца лішкі прадуктаў. Палякі часткова пераробяць яблык на смачны нізкаалкагольны напой-цыдр, але і гэта не кампэнсуе стратаў. У любым выпадку, калі нехта з фермераў скардзіцца на страты, дык няхай ведае, што санкцыі былі неабходныя. Лепш страціць частку ураджаю, чым каб прыйшлі і забралі ўвесь сад, як гэта адбылося з Крымам.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ