Літоўска-беларуская адліга



У Менск з двухдзённым візітам прыбыў міністр замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус. Апроч учорашняй сустрэчы з прэм’ерам Міхаілам Мясніковічам, ён правядзе яшчэ перамовы са сваім беларускім калегам Уладзімірам Макеем і сустрэнецца з прадстаўнікамі апазіцыйных, палітычных партыяў, грамадзянскай супольнасці і сваякамі палітзняволеных.

Рабочы візіт Лінкявічуса у Беларусь з’яўляецца адказам на аналагічнае наведванне Уладзімірам Макеем Вільні ў пачатку бягучага года: з 28 лютага да 1-га сакавіка. Раней кіраўнік беларускага МЗСу пабываў у Літве на саміце “Усходняга Партнёрства” у канцы лістапада мінулага года. Перш чым стаў міністрам замежных справаў, у ліпені-лістападзе 2012-га года Лінкявічус узначальваў літоўскую дыпламатычную місію у Менску. Пра тэматыку і змест цяперашніх перамоваў афіцыйныя медыі паведамляюць скупа. Па словах прэм’ера Мясніковіча, “Менск і Вільня хочуць рэалізаваць сумесныя, інфраструктурныя праекты. Якія гэта “сумесныя праекты”? Напэўна яны будуць тычыцца памежных пераходаў. На тое, што беларусам на ўезд у Літву прыходзіцца чакаць па 6 і болей гадзін звярталі ўвагу літоўскіх уладаў іх частыя госці, у прыватнасці лідар АГП Анатоль Лябедзька.  Літва хоча таксама аблягчыць атрыманне беларусамі літоўскіх візаў. Дзеля гэтага ўжо ў восень збіраюцца адкрыць візавыя цэнтры. Зараз амбасада Літвы выдае штодня у сярэднім 1100 візаў, але заўважна павялічыўся попыт на іх. Кожны беларус праводзіць у сярэднім 3-4 дні і пакідае ў Літве больш як 500 літаў. Гэта важкі аргумант у карысьць аблягчэння беларусам прыезду ў суседнюю Літву. У сваю чаргу прэс-сакратар беларускага МЗСу Дзімітры Мірончык адзначыў, што  “міністры маюць намер абмеркаваць шырокі спектр пытанняў беларуска-літоўскага супрацоўніцтва , а таксама ўзаемадзеенне Беларусі і Еўразвязу”.

Трэба адзначыць, што акрамя двухбаковых адносінаў, Лінкявічус прыбыў у Беларусь у якасці эмісара Брусэлю. Там, 22 ліпеня з удзелам Уладзіміра Макея адбылася сустрэча міністраў замежных справаў краін, якія уваходзяць у склад “Усходняга Партнёрства”. Тады Макей абшырна гаварыў пра еўрапэйскія санкцыі і праблемы ў адносінах паміж Беларуссю і Еўразвязам. “Мы разумеем, што гэтыя праблемы не могуць развязацца ў адзін момант, але мы павінны ствараць пазітыўную атмасферу ў нашых дачыненнях — магчыма, праз малыя крокі. Існуе шмат сфераў, дзе мы можам супрацоўнічаць на аснове ўзаемнай выгады, і я ўпэўнены, што рана ці позна санкцыі будуць знятыя.» На пытанне пра палітвязняў ён паўтарыў, што у Беларусі іх няма, затое ёсць людзі, пакарныя за розныя парушэнні канкрэтных законаў. У Брусэлі Лінкявічус заявіў, што Еўразвязу пара перагледзець узаемааадносіны з Беларуссю. “На многае ў нас розныя погляды. Але з майго пункту гледжання, адбываюцца пэўныя станоўчыя зрухі, пэўнае збліжэньне пазіцыяў. Наша задача — ўзаемадзейнічаць, а не ўзводзіць сцены, адзначаць пазітыўныя зрухі, не ігнаруючы негатыўныя з’явы, і працягваць дыялог.» У якасці адной з важных падставаў для паляпшэння адносінаў Лінкявічус назваў той факт, што Беларусь не прызнала акупацыі Крыму, Паўднёвай Асеціі і Абхазіі.

Літва ніколі не была прыхільніцай санкцыяў у дачыненні да Беларусі. Двухбаковы тавараабарот і супрацоўніцтва хаця б у галіне транспарту развіваўся незалежна ад палітыкі. Літва размаўляла з афіцыйным Менскам і адначасова падтрымлівала і прымала у сябе лідараў апазіцыі. Выглядае, што ў гэтым другім пытанні нічога не зменіцца, затое эканамічнае супрацоўніцтва будзе развівацца яшчэ шпарчэй. Еўропа ўжо не глядзіць на Беларусь, як найбольш праблемную краіну ўЕўропе. Слова “ дыктатура” гучыць значна мягчэй чым “ вайна ”, а з ёю мы маем дачыненне ва Украіне. Інакш кажучы, сітуацыя ва Украіне і стаўленне да яе дапамаглі беларускаму кіраўніцтву выправіць свой імідж. Атрымліваецца, што і з кепскага можна атрымаць выгаду.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ